Праз пагрозу з боку РФ. У Германіі заклікалі набраць у войска 900 тысяч рэзервістаў
«Мы мусім стаць здольнымі да абароны як мага хутчэй. Расія толькі вырабляе зброю. Друкуюцца школьныя падручнікі, якія паказваюць Германію як агрэсара».
Старшыня камітэта Бундэстага па пытаннях абароны Мары-Агнес Штрак-Цымерман заклікала мабілізаваць 900 тысяч рэзервістаў у Германіі з-за ваеннай пагрозы з боку Расіі. Пра гэта піша NV.UA са спасылкай на Der Spiegel.
Яна адзначыла, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін рыхтуе свой народ да вайны і настройвае яго супраць Захаду.
«Таму мы мусім стаць здольнымі да абароны як мага хутчэй. Расія толькі вырабляе зброю. Друкуюцца школьныя падручнікі, якія паказваюць Германію як агрэсара. Дзяцей малодшых класаў вучаць абыходзіцца са зброяй. Усё гэта палохае», — кажа Штрак-Цымерман.
Яна заклікала «актывізаваць каля 900 тысяч рэзервістаў, якіх мы маем у Германіі». Аднак, паводле яе слоў, спачатку іх трэба зарэгістраваць, паколькі Бундэсвер на працягу дзесяцігоддзяў не рэгістраваў вайскоўцаў, якія пайшлі ў адстаўку.
«Калі б мы маглі завербаваць хаця б палову з іх як рэзервістаў з іх адпаведнымі ведамі, гэта было б неверагоднай перавагай», — адзначыла Штрак-Цымерман.
Неўзабаве пасля таго, як Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года, Германія пачала павялічваць выдаткі на абарону, піша «Люстэрка». Урад паабяцаў, што ўпершыню за апошнія дзесяцігоддзі будзе інвеставаць ва ўзброеныя сілы 2% ад агульнага аб'ёму эканамічнай прадукцыі — даўняя мэта NATO — і абвясціў аб стварэнні спецыяльнага абароннага фонду ў памеры 100 млрд еўра (108 млрд даляраў) для гэтых мэтаў.
Свабодная дэмакратычная партыя Германіі, у прыватнасці, выступае за павелічэнне выдаткаў на абарону і зрабіла гэта адным з асноўных пунктаў сваёй перадвыбарнай кампаніі ў Еўрапарламент.
Штрак-Цымерман узначальвае выбарчую кампанію ALDE, еўрапейскай ліберальнай групы, у якую ўваходзіць СвДП, перад выбарамі, якія пройдуць 6-9 чэрвеня.