Ракетны ўдар па Львове. Загінулі сем чалавек, больш за 30 пацярпелі
Зяленскі зноў заклікаў саюзнікаў даць Украіне дальнабойную зброю, «каб адказваць на тэрор справядліва».
![T.ME/ANDRIYSADOVYI T.ME/ANDRIYSADOVYI](/img/v1/images/54c4ae40_6a92_11ef_b43e_6916dcba5cbf.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1725437966&w=528)
T.ME/ANDRIYSADOVYI
У выніку начнога ракетнага ўдару па Львове загінулі сем чалавек, больш за 30 пацярпелі, пашкоджаны жылыя дамы і дзве школы, вынікае з заявы ўладаў. Расійскія вайскоўцы ўдар пакуль не каментавалі, піша Бі-бі-сі.
Мэр Львова Андрэй Садовы і кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі паведамілі ў тэлеграме, што колькасць ахвяр начнога ракетнага нападу да 9:00 павялічылася да сямі.
Раней Казіцкі паведамляў аб пятай ахвяры, удакладняючы, што гэта дзяўчынка дзевяці гадоў. Сярод ахвяр, паводле яго даных, таксама ёсць 14-гадовая дзяўчынка.
Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях пацвердзіла звесткі аб двух загінулых дзецях. Пацярпелі 42 чалавекі, у тым ліку адно дзіця.
Па словах мэра Садовага, пашкоджана 50 жылых дамоў у цэнтры горада і ля чыгуначнага вакзала.
«Пашкоджаныя звычайныя жылыя дамы ў горадзе, школах, медыцынскіх установах», — пракаментаваў удар па Львове прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Па словах Зяленскага, акрамя Львова ў ноч на сераду быў атакаваны Крывы Рог, дзе пацярпелі пяць чалавек. Ён зноў заклікаў саюзнікаў даць Украіне дальнабойную зброю, "каб адказваць на тэрор справядліва".
Расійскія вайскоўцы не каментавалі ўдар па Львове, нанесены ў ноч на сераду.
Напярэдадні раніцай Расія атакавала ваенны інстытут сувязі ў Палтаве. Там загінуў 51 чалавек, яшчэ 271 паранены, заявіў увечары ў сераду прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Глядзіце таксама
![Хронікі вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за 03.09.2024 923-ці дзень вайны. Трагедыя ў Палтаве: больш за 50 загінулых і трохдзённая жалоба](/img/v1/images/ukraina_nocz_tank.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1725382347&w=660)
Па сведчаннях відавочцаў, каля 5:40 па мясцовым часе над цэнтрам Львова праляцелі сама меней некалькі ракет, пасля чаго былі чуваць вельмі гучныя выбухі і відаць зарыва.
Садовы пісаў у тэлеграме, што "ёсць узгаранне жылых дамоў у раёне галоўнага вакзала", а дзве школы "сёння вучобу не пачнуць", і публікаваў фота з наступствамі ўдару. На здымку бачны касцёл Ганны і Лізаветы, які турысты раней маглі бачыць на шляху ў цэнтр горада.
Глядзіце таксама
![Навумчык: РФ запатрабуе сабе Беларусь як суцяшальны прыз у абмен на мір ва Украіне Навумчык: «Захад здасць Беларусь, як гэта ў гісторыі ўжо рабіў не раз»](/img/v1/images/marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1725379033&w=660)
Камбінаваная атака
Атака была камбінаванай, ракетамі і дронамі-камікадзэ, заявіў губернатар Казіцкі.
Раніцай Паветраныя сілы УСУ таксама паведамілі аб масіраваным нападзе на Украіну — двума аэробалістычнымі ракетамі «Кінжал» з самалётаў МіГ-31К, двума крылатымі ракетамі Х-22 з самалётаў Ту-22М3, шасцю крылатымі ракетамі Х-101 з самалётаў Ту-95МС, а таксама трыма крылатымі ракетамі «Іскандэр-К» і 29 дронамі-камікадзэ.
Збіць удалося чатыры з шасці Х-101, усе тры «Іскандэры» і 22 беспілотнікі. Такім чынам, два «Кінжалы» збітыя не былі. СМІ мяркуюць, што гэтымі ракетамі быў нанесены ўдар па Львове, аб «Кінжалах» пісаў і мэр Садовы.
У пачатку ночы Паветраныя сілы паведамлялі аб узлёце некалькіх расійскіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-95МС з аэрадрома Алення і двух самалётаў МіГ-31, якія запусцілі «Кінжалы». Па дадзеных Паветраных сіл, ракеты рухаліся ў напрамку Львоўскай вобласці.
Адразу пасля папярэджання Казіцкага аб ракетнай пагрозе ў 5:46 у Львове раздаўся вельмі гучны гук і трэсліся сцены. «„Кінжалы“ на тэрыторыі Львова. Працуе СПА», — пісаў Садовы.