Расія збіраецца разбурыць плаціну Кахоўскай ГЭС, але абвінаваціць у гэтым Кіеў
Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) у чарговай штодзённай зводцы аналізуюць заявы расійскіх афіцыйных асоб наконт стану спраў у Херсонскай вобласці.
ISW прыходзіць да высновы, што Масква, відаць, пачынае загадзя ствараць інфармацыйны фон, які апраўдвае планаванае адступленне і страту вялікіх тэрыторый у Херсонскай вобласці, адзначае ВВС.
Відавочна, расійскае вайсковае камандаванне вынесла ўрокі з папярэдніх інфармацыйных і аператыўных правалаў падчас украінскага контрнаступлення ў Харкаўскай вобласці і таму спрабуе загадзя мінімізаваць наступствы сваіх няўдач, калі яны не здолеюць стрымаць чарговы паспяховы ўкраінскі наступ, мяркуюць аналітыкі.
Расійскія войскі таксама рыхтуюць інфармацыйнае забеспячэнне для ажыццяўлення правакацыі пад чужым сцягам на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі. Магчыма, расійскае камандаванне мяркуе, што разбурэнне дамбы дазволіць прыкрыць іх адступленне з правага берага Дняпра і прадухіліць ці запаволіць пераадоленне ўкраінскімі войскамі воднай перашкоды.
Відаць, што заявы, якія прагучалі напярэдадні, аб тым, што нібыта рыхтуюцца ўдары УСУ па дамбе Кахоўскай ГЭС, мелі сваёй мэтай забяспечыць інфармацыйнае прыкрыццё для разбурэння дамбы расійскімі войскамі і наступнага абвінавачвання Украіны ў нанесенай шкодзе і гібелі людзей, а таксама для прыкрыцця адступлення расійскай арміі ўглыб Херсонскай вобласці, лічаць амерыканскія эксперты.
«Расіяне могуць лічыць, што прарыў дамбы мог бы прыкрыць іх адступленне з правага берага Дняпра і прадухіліць ці затрымаць прасоўванне Украіны праз раку», — піша ISW.
На іх думку, Крэмль можа паспрабаваць выкарыстаць гэту правакацыю для таго, каб заглушыць навіны пра трэцяе зневажальнае адступленне расійскіх войскаў.
Да таго ж такая правакацыя была б пададзена як яшчэ адно «пацвярджэнне» фальшывага тэзіса Крамля аб тым, што Украіна — дзяржава-тэрарыст, што наўмысна б'е па цывільным насельніцтве.