Рэкорд па стратах? За тры дні ва Украіне «адмінусавалі» амаль 5000 вайскоўцаў РФ

«Дэмілітарызацыя» Пуціна прывяла да таго, што ўкраінская армія становіцца самай тэхналагічнай арміяй у свеце. Яна ўжо выйшла ў лідары па дронах і беспілотніках і процідзеянні ім. А цяпер у УСУ тэсціруюць экзашкілеты, а Расія панесла рэкордныя страты за тры дні. Ідуць 1487-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyImages

Фота GettyImages

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 161 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 сакавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы УКраіны спынілі 32 штурмы расіян у раёнах Радзінскага, Бяліцкага, Мірнаграду, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі, Філіі і Белякоўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру і Сафіеўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылася 21 атака ў раёнах Дабраполля, Залізнічнага, Зялёнага, Стараўкраінкі, Варвараві і Лугаўскога.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Паўднёва-Слабажанскім і Славянскім кірунках Сілы абароны Украіны адбілі па 7 штурмаў арміі РФ на кожным.

* * *

З-за змянення надвор'я РФ узмацніла ціск на фронце, а колькасць баёў перавысіла 200 за суткі. Нягледзячы на гэта, УСУ перахопліваюць ініцыятыву і ўкараняюць асіметрычныя рашэнні, паведаміў Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.

Актыўнасць расіян каштуе ім значных страт — толькі за апошнія тры дні страты арміі РФ склалі амаль 5 тысяч чалавек (4840).

«Украінскія войскі дзейнічаюць актыўна, перахопліваюць ініцыятыву і працягваюць аднаўляць пазіцыі», — падкрэсліў Сырскі.

* * *

Чарнігаў цалкам застаўся без святла з-за расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры. «Чарнігаў цалкам абясточаны ў выніку ўдараў Расійскай Федэрацыі па энергетычнай інфраструктуры (аб'екты на тэрыторыі вобласці). Усе аб'екты крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры пераходзяць на працу ад альтэрнатыўных крыніц сілкавання», — паведаміла прэс-служба Чарнігаўскага гарадскога савета.

Расійскія акупанты ўвечары 20 сакавіка нанеслі масіраваны ўдар КАБамі па Ізюмскай грамадзе Харкаўскай вобласці, ёсць пацярпелыя, абясточаны і пашкоджаны дамы.

У Расіі паскардзіліся на самы маштабны налёт дронаў за год. У ноч на 21 сакавіка пад ударам апынуліся адразу дзевяць раёнаў Растоўскай вобласці, стратэгічныя аб'екты Саратаўскай вобласці і подступы да Масквы. Агульная колькасць БПЛА, паводле даных Масквы, перавысіла 120 адзінак.

У ноч на суботу, 21 сакавіка, у акупаваным Крыме чулі магутныя выбухі ў Сімферопалі і прылеглых раёнах на працягу некалькіх гадзін.

Расійскія сілы супрацьпаветранай абароны ў падмаскоўнай Каломне прынялі лёгкаматорны самалёт за ўкраінскі дрон і адкрылі агонь па памылковай мэце, паведамляе MNS у Telegram. Пасля траплення пілот страціў кіраванне і разбіўся каля ракі Ака. У выніку два чалавекі, якія знаходзіліся на борце, загінулі.

* * * 

655285821_1289608420018900_3486058646193424981_n.jpg

* * *

Германія вырашыла радыкальна змяніць правілы гульні на рынку ўзбраенняў. Федэральнае міністэрства эканомікі і абароны клімату афіцыйна ўвяло механізм «зялёнага калідора» для экспарту сістэм супрацьпаветранай і марской абароны, піша The Times. Адгэтуль Украіна і шэсць дзяржаў Персідскай затокі змогуць атрымліваць нямецкую зброю без знясільваючага чакання на кожную асобную заяўку.

Раней нямецкія абаронныя канцэрны, такія як Rheinmetall або Diehl Defence, павінны былі атрымліваць індывідуальны дазвол на кожны вінт у сістэме СПА, што месяцамі тармазіла крытычныя пастаўкі. Новы часовы механізм, які будзе дзейнічаць да 15 верасня 2026 года, уводзіць агульную ліцэнзію на экспарт.

Гэта азначае, што вытворцы змогуць заключаць кантракты і адгружаць тэхніку амаль імгненна, а партнёры Германіі могуць планаваць абарону, не баючыся раптоўнага вета на чарговы транш запчастак.

Чакаецца, што гэты крок дазволіць Украіне значна хутчэй нарошчваць колькасць сістэм IRIS-T і спадарожнага абсталявання, што з'яўляецца крытычна важным ва ўмовах пастаянных паветраных атак.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў больш даверу расійскаму дыктатару Пуціну, чым любому з еўрапейскіх саюзнікаў, заявіла ў эфіры праграмы Ana Cabrera Reports журналістка канала MS NOW Стэфані Руле пасля 15-хвіліннай размовы з лідарам ЗША.

Амерыканскі лідар таксама заявіў, што яму нібыта з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зеленскім «вельмі цяжка мець справу, цяжэй, чым з Пуціным».

Руле паведаміла, што спачатку яны гаварылі пра Іран, і Трамп сцвярджаў, што ЗША «могуць сысці хоць заўтра, бо знішчылі большую частку краіны і іх уладу», а потым прызнаў, што рэжым аяталаў не пераможаны канчаткова і «можа аднавіцца».

Амерыканскі прэзідэнт рэзка раскрытыкаваў саюзнікаў па НАТА, якія «абсалютна нічым не дапамаглі» ў кантэксце вайны супраць Ірана, хоць, паводле яго слоў, ЗША «ўсё роўна не маюць патрэбы ў іх дапамозе».

Таксама Трамп заявіў, што Украіна нібыта «не аказвае ніякай дапамогі» на фоне вайны ЗША супраць Ірана.

* * *

Украіна вядзе перамовы з краінамі Блізкага Усходу па абаронных пагадненнях і прапануе ЗША здзелку па дронах, сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас размовы з журналістамі.

«Перш за ўсё мы працуем з Блізкім Усходам, з лідарамі, на тэхнічным узроўні, з міністэрствамі абароны. І, у прынцыпе, мы рыхтуем сур'ёзныя дамоўленасці, пагадненні — паглядзім, калі яны будуць гатовыя», – заявіў ён.

Ён распавёў, што зараз у Катары, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Кувейце і Іарданіі знаходзяцца 228 украінскіх экспертаў — больш, чым раней паведамлялася. Прэзідэнт Украіны адмовіўся расказваць пра дэталі місіі, але адзначыў, што мясцовыя спецыялісты па СПА маюць добры ўзровень падрыхтоўкі, аднак спецыялізуюцца пераважна на балістычных пагрозах.

«Што тычыцца малой СПА, як працаваць супраць масіраваных удараў "шахедаў", я думаю, акрамя нашага, ні ў каго такога вопыту няма», — падкрэсліў Зеленскі.

* * *

У Сілах абароны Украіны тэсціруюць спецыяльныя экзашкілеты, якія дапамагаюць артылерыстам лягчэй пераносіць цяжкія снарады. Тэхналагічнае рашэнне ўжо выпрабоўваюць у баявых умовах на Пакроўскім кірунку, паведаміў 7-мы корпус ДШВ Украіны.

Паводле слоў палкоўніка Віталя Сердзюка, начальніка ўпраўлення ракетных войскаў і артылерыі корпуса, штодзённая праца байцоў патрабуе надзвычайных высілкаў. «Штодня артылерысты вытрымліваюць высокую фізічную нагрузку. Яны носяць 15–30 снарадаў масай па 50 кг кожны. Па выніках выпрабавання, яны менш стамляюцца, хутчэй працуюць і даўжэй захоўваюць боеяздольнасць», — падкрэсліў Сердзюк.

Асноўныя характарыстыкі абсталявання:

  • зніжэнне фізічнай нагрузкі на арганізм да 30%;

  • падтрымка хуткасці перамяшчэння да 20 км/г;

  • запас ходу складае 17 км.

«Мы палягчаем чалавечыя звышвысілкі тэхналагічнымі рашэннямі», — адзначылі ў прэс-службе корпуса.