«Рускія на вайне сваіх кідаюць». Мінабароны РФ не прызнае страты марпехаў ва Украіне

Міністэрства абароны Расіі адмаўляе сур'ёзныя страты 155-й брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту. Вайсковае ведамства сцвярджае, што за дзесяць дзён брыгада страціла незваротна не больш за 1% саставу і 7% параненымі.

20220226181707_1517.jpeg


«У Мінабароны Расіі зняпраўдзілі заявы шэрагу расійскіх блогераў нібыта ад імя вайскоўцаў 155-й брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту аб “высокіх бескарысных стратах у людзях і тэхніцы”», — паведамляе ТАСС са спасылкай на заяву Мінабароны РФ.

Пры гэтым у Мінабароны РФ не назвалі дакладных лічбаў. Згадак аб колькасным саставе 155-й брыгады ЦАФ у адкрытых крыніцах няма, таму падлічыць страты марпехаў па версіі расійскага ведамства не ўяўляецца магчымым.

У Мінабароны РФ таксама паведамілі, што марпехі 155-й брыгады ЦАФ дагэтуль вядуць наступ на вугледарскім кірунку, а страты УСУ «па лініі баявога судакранання брыгады ў сярэднім складаюць сем да аднаго, а на асобных участках дзевяць да аднаго ў людзях і тэхніцы».

Учора стала вядома, што вайскоўцы са 155-й брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту накіравалі губернатару Прыморскага краю Алегу Кажамяку ліст са скаргамі на дзеянні камандавання, якое, з іх слоў, дапусціла вялікія страты. У ім марпехі паведамляюць, што за чатыры дні згубілі «каля 300 чалавек забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак і 50% тэхнікі» ў ходзе наступлення на вёску Паўлаўка пад Вугледарам у Данецкай вобласці.

Марпехі абвінавацілі сваіх камандзіраў у тым, што яны кінулі іх у наступ праз лесапасадкі, дзе знаходзіліся засады УСУ. У выніку УСУ цяпер знішчае марпехаў «на шляхах эвакуацыі параненых і падвозу боепрыпасаў». «Акрамя таго, Паўлаўка ніжэй за Вугледар, з якога лупяць па нас», пішуць яны. Камандаванне, па іх словах, хавае вялізныя страты.

У адказ Кажамяка папрасіў ваенную пракуратуру праверыць інфармацыю вайскоўцаў. Пазней ён паведаміў, што страты «перабольшаныя».

Тым не менш, палявы камандзір Аляксандр Хадакоўскі, які ваюе ў Данбасе, каментуючы інфармацыю «аб стане спраў у Паўлаўцы», канстатаваў, што расійскія войскі там «апынуліся ў агнявым мяшку» і нясуць страты. Ён не стаў ацэньваць маштаб гэтых страт.

Украінскае камандаванне не паведамляе пра нейкія поспехі ў раёне Паўлаўкі, аднак яно звычайна вытрымлівае «рэжым цішыні» датычна наступальных аперацый. ВВС перадае, што, паводле даных украінскага Генштаба, у апошнія дні значна павялічыліся страты расійцаў. Калі летам і ў пачатку восені УСУ дакладвалі ў сярэднім пра 200 загінулых расійскіх вайскоўцаў у дзень, то цяпер — пра 600 і больш, пры тым што на ўсіх напрамках ідуць пераважна пазіцыйныя баі.

А ў інтэрнэце ўжо з'явілася відэа, як расійскія войскі трапляюць у засады, арганізаваныя УСУ.