Савет ААН па правах чалавека ўхваліў расследаванне агрэсіі Расіі супраць Украіны
Савет ААН па правах чалавека ў Жэневе прагаласаваў за расследаванне парушэнняў у ходзе агрэсіі РФ супраць Украіны.
«Савет па правах чалавека прыняў рашэнне тэрмінова стварыць незалежную міжнародную камісію па расследаванні ў сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны», — паведаміла прэс-служба Савета, піша АФН.
За прагаласавалі 32 дзяржавы-члены Савета, супраць — 2 (Расія і Эрытрэя). Яшчэ 13 устрымаліся ад галасавання.
Раней удзел у пасяджэнні прыняла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава. Там у рамках 49-й сесіі Савета ААН па правах чалавека па запыце Украіны адбыліся тэрміновыя дэбаты адносна сітуацыі з захаваннем правоў чалавека ва Украіне ў выніку ўварвання ваенных сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю краіны.
«Падчас свайго выступу адзначыла парушэнні правоў чалавека, якія робіць краіна-агрэсар, парушаючы Статут ААН, Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека, Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці, Жэнеўскую Канвенцыю аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны», — напісала яна ў сваім Telegram-канале.