Шэф украінскай ваеннай выведкі: Да канца гэтага года ўкраінская армія павінна ўвайсці ў Крым
Начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў мяркуе, што актыўная фаза вайны («баталіі прыблізна таго ўзроўню, якія адбываюцца цяпер», растлумачыў ён) скончыцца да канца гэтага года.
І цягам гэтага ж часу ўкраінскае войска не толькі вызваліць тэрыторыі, акупаваныя з 24 лютага, але таксама верне пад кантроль Кіева тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік Данбаса і ўвойдзе на тэрыторыю анэксаванага Расіяй Крыма.
Гэты прагноз утрымліваецца ў вялікім інтэрв'ю Буданава «Украінскай праўдзе», цалкам апублікаваным у аўторак. Вытрымкі з яго з'явіліся напярэдадні, з іх стала вядома, напрыклад, што Буданаў распавёў, што Пуцін нядаўна перажыў няўдалы замах на сваё жыццё, піша ВВС.
«Да канца года мы павінны як мінімум зайсці на тэрыторыю Крыма», — сказаў выведнік. Паводле яго слоў, у Расіі хопіць рэсурсаў на працяг вайны на 12 месяцаў.
Кірыл Буданаў, 36-гадовы генерал, прызначаны прэзідэнтам Зяленскім на пасаду кіраўніка ГУР у 2020 годзе, адным з першых у Кіеве, яшчэ ў лістападзе мінулага года заяўляў, што папярэджанні заходніх разведак аб падрыхтоўцы расійскага ўварвання праўдападобныя і нават назваў прыкладны (і ў выніку пацверджаны) час яго пачатку: люты 2022 года. У нядаўнім інтэрв'ю Wall Street Journal Буданаў сказаў, што абапіраецца не толькі на дадзеныя заходніх партнёраў і што ва ўкраінскай разведкі ёсць уласная шырокая сетка крыніц інфармацыі ў Расіі.
Большую частку зімы шмат прадстаўнікоў украінскай улады называлі расійскае ўварванне малаверагодным. Зрэшты, Буданаў у інтэрв'ю сказаў, што канчатковае рашэнне аб пачатку баявых дзеянняў Пуцін прыняў каля 15:00 23 лютага, а да гэтага часу падзеі маглі развівацца інакш.