Толькі тэрарыстычная дзяржава б’е ракетамі па рэстаранах: Пад удар у Краматорску трапіў калумбійскі палітык
Колькасць загінулых у выніку ўдару па Краматорску павялічылася да 12 чалавек. 60 чалавек — параненыя, сярод іх — калумбійскі палітык Серхіа Харамільё.
Раніцай 29 чэрвеня стала вядома, што колькасць загінулых у выніку ўдару па Краматорску павялічылася да 12 чалавек. Расійская ракета 27 чэрвеня трапіла ў поўную наведвальнікаў папулярную ў горадзе піцэрыю.
Раніцай у чацвер з-пад завалаў ратаўнікі дасталі цела яшчэ аднаго загінулага. Аварыйна-выратавальныя работы завершаны, заявілі ратавальнікі.
Расія ўвечары 27 чэрвеня нанесла ракетны ўдар па цэнтры Краматорска ў Данецкай вобласці. Ракета трапіла ў рэстаран, дзе было шмат людзей. МУС Украіны паведаміла, што сярод загінулых трое дзяцей. Яшчэ 60 чалавек параненыя.
Адна з расійскіх ракет трапіла ў будынак у цэнтры Краматорска, дзе знаходзіўся запоўнены наведвальнікамі рэстаран. Генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін удакладняў, што сярод загінулых тры непаўналетнія дзяўчыны — адна 17 гадоў і дзве сястры 14 гадоў.
Калумбійскі палітык Серхіа Харамільёраспавёў ВВС, як ён у аўторак трапіў пад ракетны ўдар у Краматорску.
Падчас ракетнага абстрэлу рэстарана ў цэнтры Краматорска пацярпелі трое калумбійскіх грамадзян. Сярод іх быў калумбійскі палітык, дэпутат Серхіа Харамільё, заснавальнік арганізацыі Aquanta Ucraina («Трымайся Украіна» — група падтрымкі Украіны ў Лацінскай Амерыцы).
Ён трапіў у бальніцу, яго траўмы аказаліся не такімі цяжкімі, і ў сераду Серхіа Харамільё распавёў журналістам пра тое, як усё гэта адбылося:
«Калі мы селі, нам прынеслі ежу, і мы толькі збіраліся пачаць есці, як раптам пачуўся такі вельмі-вельмі сухі гук выбуху... Мы сядзелі пад шкляным дахам, які разнесла.
І ты сядзіш і бачыш усе гэтыя аскепкі, якія ляцяць, як у запаволенай здымцы, перад тваімі вачыма, і спрабуеш зразумець, што адбываецца. Так гэта было, так гэта адчуваецца.
Мне на сцягно ўпала нейкае бервяно, і мне цяпер трохі цяжка хадзіць, але костка не зламаная. Так што мае траўмы зусім нязначныя. Але чалавек, які сядзеў побач са мной, быў вельмі цяжка паранены і цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане».
Серхіа Харамільё ў свой час займаў пасаду вярхоўнага камісара міру ў Калумбіі, займаўся мірным урэгуляваннем ваеннага канфлікту з паўстанцамі ФАРК.
Ва Украіну ён прыехаў, каб у Лацінскай Амерыцы лепш разумелі тое, што тут адбываецца.
«Думка пра тое, што краіна будзе выкарыстоўваць сваю ваенную моц для ўдараў па цывільным насельніцтве, па жылых дамах, я знаходжу абсалютна жудаснай, не кажучы ўжо пра сам факт уварвання.
І калі краіна, якая гэта робіць, з'яўляецца адной з найбуйнейшых ваенных дзяржаў свету і адным з пастаянных чальцоў Рады Бяспекі ААН, які па ідэі адстойвае міжнароднае права, вы бачыце, што справа дрэнная. Я гэта ўбачыў. Гэта рэстаран, піцэрыя, і, шчыра кажучы, на вайне вы не б'яце ракетай па рэстаране, калі, вядома, вы не паводзіце сябе, як тэрарыстычная дзяржава», — сказаў Харамільё ў інтэрв'ю ВВС.