Турцыя прапанавала марскую эвакуацыю з «Азоўсталі» для параненых украінцаў

Турцыя прапаноўвала правесці марскую эвакуацыю параненых украінскіх вайскоўцаў, якія схаваліся на сталеліцейным заводзе ў Марыупалі, паведаміў дарадца Эрдагана.

azovstal_394128.png

Пра прапанову эвакуацыі заявіў прэс-сакратар прэзідэнта і галоўны дарадца ў замежнапалітычных пытаннях Ібрагім Калін у інтэрв'ю Reuters, піша «Еўрапейская праўда».

Калін сказаў, што ён асабіста абмяркоўваў гэтую прапанову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Кіеве два тыдні таму, і што яна застаецца «на стале перамоваў», хоць Масква на яе не дала згоды.

Згодна з планам, людзі, эвакуяваныя з «Азоўсталі», будуць дастаўленыя па сушы ў порт Бярдзянск, а турэцкі карабель даставіць іх праз Чорнае мора ў Стамбул.

«Калі гэта можна зрабіць такім чынам, мы будзем рады зрабіць гэта. Мы гатовыя. Фактычна, наш карабель гатовы адправіцца і даставіць параненых салдат і іншых цывільных асоб у Турцыю», — сказаў Калін.

Дарадца Эрдагана сказаў таксама, што пазіцыя Расіі «змяняецца дзень ад дня».

«Яны глядзяць на сітуацыю з бяспекай на месцах і іншую дынаміку, свае перамовы, уласную ўнутраную каардынацыю. Таму часам цяжка атрымаць цвёрды адказ або абавязацельствы з любога боку», — сказаў ён.

Калін адзначыў, што марская эвакуацыя з Бярдзянска была адной з шэрагу прапаноў па дасягненні спынення агню і правядзенні эвакуацыі.