У Брытаніі патрабуюць выгнаць расійскіх дыпламатаў, якія заклікалі вешаць палонных

У Брытаніі патрабуюць выгнаць пасольства РФ пасля таго, як яны заклікалі да пакарання смерцю ўкраінскіх палонных.

1520991034_3178.jpg

Дэпутат Лейбарысцкай партыі Брытаніі Крыс Браянт заклікаў улады выправадзіць расійскую амбасаду пасля твіту пра палонных байцоў «Азова».

«Гэта павінна быць незаконна. Гэта заклік да ваенных злачынстваў. Надышоў час Вялікабрытаніі адправіць усё расійскае пасольства назад у Маскву. Ліз Трас (міністр замежных спраў Брытаніі. — Рэд.), што вы збіраецеся рабіць?» — напісаў дэпутат у Twitter.

Нагадаем, пасольства РФ у Брытаніі заклікала пакараць смерцю ўкраінскіх вайскоўцаў палка «Азоў» — расійскія дыпламаты напісалі, што палонныя «заслугоўваюць смерці, але не расстрэлу, а павешання». Байцоў палка «Азоў» дыпламаты РФ назвалі «несапраўднымі салдатамі», якія заслугоўваюць «зневажальную смерць».


Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, каментуючы гэтую заяву расійскіх дыпламатаў, заявіў, што заклікаць да смяротнага пакарання палонных вайскоўцаў праз павешанне могуць толькі тэрарысты і дзікуны.

Спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка таксама адрэагаваў на твіт расійскага пасольства: «Няма ніякай розніцы паміж расійскімі дыпламатамі, якія заклікаюць да расстрэлу ўкраінскіх ваеннапалонных, і расійскімі войскамі, якія робяць гэта ў Аленаўцы. Усе яны з'яўляюцца саўдзельнікамі гэтых ваенных злачынстваў і павінны панесці адказнасць».



Паводле РБК, УНІАН