У Энергадары выйшла на пратэст пажарная частка. Рускія выкралі яе кіраўніка

Ратавальнікі ў Энергадары пратэставалі супраць выкрадання расійскімі акупантамі кіраўніка пажарна-выратавальнага атрада Віталя Траяна.

Фота: t.me/orlovdmytroEn

Фота: t.me/orlovdmytroEn

У захопленым рускімі войскамі Энергадары Запарожскай вобласці пажарныя выйшлі на пратэст супраць выкрадання расійскімі вайскоўцамі начальніка часткі Віталя Траяна, піша korrespondent.net. Пра гэта 20 траўня паведаміў мэр горада Дзмітрый Арлоў.

Паводле звестак кіраўніка Энергадара, акупанты ўжылі сілу да ратавальнікаў, якія выйшлі ў падтрымку выкрадзенага кіраўніка пажарна-выратавальнага атрада.

"Адбываецца збіццё людзей і пашкоджанне тэхнікі", — удакладніў Арлоў. 

Раней мэр заявіў, што Траяна выкралі 18 траўня. Рускія прыехалі ў пажарную частку і правялі ператрус у кабінеце начальніка, пасля чаго апячаталі памяшканне і вывезлі яго ў невядомым кірунку. Як мяркуюць работнікі, захопнікі прапаноўвалі кіраўніку атрада пачаць працу пад сцягамі РФ.