У Сілах спецаперацый Украіны беларускіх байцоў падзеляць на асобныя групы

Беларусы ў Сілах спецыяльных аперацый Украіны не будуць асобным падраздзяленнем. Пра гэта распавёў заснавальнік «Белага легіёна» Сяргей Бульба. Першая група байцоў беларускага палка «Пагоня» падпісвае ці ўжо падпісала кантракты з ССА Украіны.

На трэніроўцы байцоў палка "Пагоня" / apnews.com

На трэніроўцы байцоў палка "Пагоня" / apnews.com


«На сённяшнім этапе гэта не будзе асобнае падраздзяленне, — гаворыць Бульба. — Адмыслова іх разаб'юць на невялікія групкі і далучаць ужо да больш вопытных украінцаў. Калі яны пройдуць, атрымаць гэты ўжо досвед, то паабяцана, што ў канцы іх збяруць у адзін полк. І яны будуць усе разам. На мой погляд, гэта вельмі разумна», — піша Еўрарадыё.

Беларускі полк «Пагоня» пачаў фармавацца ў сакавіку ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны. Сяргей Бульба нагадвае, што гэтыя беларускія байцы прайшлі вельмі сур'ёзны адбор (у тым ліку і паліграфы), яны шмат трэніраваліся. З адной з трэніровак апублікавала фотарэпартаж Associated Press.

У Сілах спецыяльных аперацый Украіны служыў беларус Аляксей Скобля (пазыўны «Тур»), які загінуў 13 сакавіка 2022-га, абараняючы Кіеў. У красавіку беларускага вайскоўца пасмяротна ўзнагародзілі зоркай Героя Украіны.