Украіна пачала дэакупацыю Луганскай вобласці
Узброеныя сілы Украіны пачалі вызваленне Луганскай вобласці ад расійскіх захопнікаў. Цяпер дэакупаваныя некалькі населеных пунктаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай у сваім Telegram-канале.
Кіраўнік рэгіёна не стаў агучваць, пра якія менавіта населеныя пункты ідзе гаворка, аднак у сеціве ўжо з'явіліся фота ўкраінскіх вайскоўцаў з Грэкаўкі Луганскай вобласці.
Згодна з паведамленнем Гайдая, акупанты разумеюць, што іх разбіваюць, таму яны спрабуюць мініраваць усе дарогі, будынкі. «Не бяжыце наперадзе цягніка, не спрабуйце ўжо збіраць рэчы і вяртацца назад. Мы скажам, калі можна і куды менавіта вяртацца. Трэба, каб такі лінію фронту дзесьці далей пасунулі УСУ і толькі потым ужо можна будзе заходзіць у пэўныя населеныя пункты», — адзначыў Гайдай.
Па яго словах, у Крамянным акупанты раскідваюць міны-пялёсткі, разлічаныя на тое, каб калечыць людзей, адрываць канечнасці.
Луганская вобласць — так званая «Луганская народная рэспубліка», — пасля ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага была адной з самых кантраляваных Расіяй тэрыторый Украіны. У ёй адной быў усталяваны расійскі кантроль над усімі гарадамі вобласці.