Украіна прапануе Еўропе стварыць паўнавартасную і комплексную сістэму абароны
Украіна прапануе свету і Еўропе не толькі дроны, але паўнавартасную і комплексную сістэму абароны, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У ЕС пакінулі за сабой магчымасць ужыць больш жорсткія санкцыі ў дачыненні да Расіі. А Дональд Трамп улагоджвае Пуціна магчымым запрашэннем на G20. Ідуць 1521-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 194 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 штурмаў расіян у раёнах Кучарава Яру, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Грышына, Удачнага, Ніканораўкі, Котліна, Мураўкі, Маладзецкага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 26 атак расіян у раёнах Дабраполля, Салодкага, Стараўкраінкі, Варвараўкі, Аленаканстанцінаўкі, Святапятроўкі, Чароўнага, Залізнічнага, Гуляйпольскага, Зялёнага.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Сцяпанаўкі, Сафіеўкі і Навапаўлаўкі.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 12 разоў у раёнах Зялёнага Гаю, Калінаўскага, Злагоды, Цярновага, Воранага.
На Купянскім кірунку армія РФ дзевяць разоў атакавала у бок Радзькоўкі, Падалаў, Курылаўкі, Наваасінава і Глушкаўкі.
* * *
У Харкаўскай вобласці з-за сістэматычных удараў РФ па пераправах істотна ўскладнілася забеспячэнне ўкраінскай арміі ў раёне Купянска, паведаміў Генеральны штаб УСУ.
«Сістэматычныя авіяцыйныя і ракетныя ўдары праціўніка па пераправах праз раку Аскол істотна ўскладнілі лагістычнае забеспячэнне падраздзяленняў Сіл абароны ў раёне горада Купянск», — гаворыцца ў паведамленні.
Згодна з публікацыяй Генштаба, зараз лагістыка ўкраінскіх войскаў забяспечваецца з дапамогай плаўсродкаў і цяжкіх беспілотнікаў.
У Генштабе дадалі, што камандаванне 14 АМБр хавала рэальны стан спраў, з-за чаго была страчана пэўная колькасць пазіцый і дапушчаны шэраг пралікаў па забеспячэнні ваенных. Была выяўлена праблема з пастаўкамі харчавання на адну з пазіцый брыгады (у СМІ з’явілася інфармацыя, што ваенныя брыгады былі без ежы і вады 17 дзён).
Камандзір 14 АМБр быў адхілены ад пасады, а таксама паніжаны камандзір 10-га армейскага корпуса. Праводзіцца расследаванне.
* * *
Расійскія войскі спрабуюць інфільтравацца ў Канстанцінаўку, выкарыстоўваючы вялікую колькасць пяхоты. Найбольшая колькасць пранікненняў і спроб назапашвання фіксуецца ў прыватным сектары на паўднёва-ўсходніх ускраінах горада, піша OSINT-праект DeepState.
Аналітыкі адзначаюць, што шчыльная забудова прыватнага сектара дае магчымасць хавацца ў руінах і дамах, што ўскладняе ўдарна-пошукавыя работы для ўкраінскіх пілотаў.
«Адначасова з гэтым ідзе актыўнае пранікненне на ўсходніх ускраінах у раёне Новадзмітроўкі, дзе фіксуюцца расійцы, якія спрабуюць заняць сяло, што дазволіць ажыццяўляць назапашванне з наступным захадам у горад», — адзначылі аналітыкі.
Дадатковым кірункам ціску з’яўляюцца паўднёва-заходнія ўскраіны ў раёне Берастока і Іллінаўкі.
Даследчыкі адзначылі недахоп людзей, якія маглі б стрымліваць расійцаў. Найбольшы рэсурс для знішчэння і блакіравання інфільтрацый — дроны.
«Яны няспынна спрабуюць стрымліваць пяхоту праціўніка, але яе "бясконцая" колькасць пакрысе праломвае абарону Канстанцінаўкі. Паралельна з гэтым расійцы раўнуюць населены пункт з зямлёй, што ўскладняе яго ўтрыманне», — дадалі ў DeepState.
* * *
У ноч на 24 красавіка Расія атакавала Украіну дзвюма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» з Растоўскай вобласці, а таксама 107 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 96 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.
У выніку расійскіх удараў беспілотнікамі ноччу 24 красавіка пацярпела гандлёвае судна пад сцягам Сент-Кітс і Невіс, што накіроўвалася да аднаго з партоў у Адэскай вобласці. Балкер атрымаў удары двума беспілотнікамі, на борце ўспыхнуў пажар. Яго патушыў экіпаж. Абышлося без пацярпелых.
У выніку начной атакі на Адэсу зафіксаваны трапленні ў жылыя дамы. Два чалавекі загінулі, яшчэ 15 атрымалі раненні.
* * *
* * *
Еўрасаюз, ўхваліўшы 20-ты пакет санкцый супраць Расіі, адклаў на потым важны крок па забароне на марскія перавозкі расійскай сырой нафты і нафтапрадуктаў, піша Euractiv.
20-ты пакет санкцый ЕС засяроджаны на ўзмацненні ўжо дзеючых абмежаванняў — у прыватнасці ў дачыненні да даходаў Расіі ад энергетыкі, экспарту аміяку, фінансавай сістэме і схемах абыходу санкцый. Аднак Еўрасаюз не ўвёў марскую блакаду на перавозку сырой нафты і нафтапрадуктаў РФ, вырашыўшы дачакацца сумеснага рашэння з краінамі G7.
«Пакет (санкцый — Рэд.) утрымлівае аснову для будучай забароны марскіх паслуг у дачыненні да расійскай сырой нафты і нафтапрадуктаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Савета ЕС.
Адзін з чыноўнікаў ЕС ўдакладніў, што Савет пакідае за сабой права прыняць рашэнне нават пры адсутнасці поўнай згоды з боку «Вялікай сямёркі».
Саміт G7 пройдзе ў Францыі 15–17 чэрвеня.
Украіна задаволена ўхваленым 20-м пакетам санкцый Еўрасаюза супраць РФ — у ім прадугледжана 70% напрацовак з Кіева.
* * *
Першыя сродкі па еўрапейскім крэдыце для Украіны на 90 млрд еўра пойдуць на закупку дронаў украінскай вытворчасці, паведамляе Укрінфарм, спасылаючыся на ананімнага еўрапейскага чыноўніка.
«Сума па першым абаронным пакеце складае 6 млрд еўра», — заявіў чыноўнік.
Ён дадаў, што дыскусіі адносна наступных праграм закупак зброі яшчэ працягваюцца, але яны таксама могуць уключаць дроны, снарады і сродкі супрацьпаветранай абароны.
Што тычыцца першага пакета, было ўдакладнена, што 1 красавіка ЕС ухваліў прапісанае ў палажэнні аб крэдыце мэтавае адступленне ад правіл, калі ваенныя патрэбы Украіны запатрабуюць тэрміновай пастаўкі абароннай прадукцыі, недаступнай ва Украіне, ЕС, краінах ЕЭЗ-ЕАВТ ці пэўных трэціх краінах. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра кампаненты для дронаў, вырабленыя ў Кітаі, дадала крыніца.
Для закупкі зброі па крэдыце Украіна павінна адкрыць рахунак у еўрапейскім банку з наданнем ЕС права маніторынгу такога рахунку.
* * *
Украіна прапануе свету і Еўропе не толькі дроны, а паўнавартасную сістэму абароны, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас звароту на пасяджэнні Еўрапейскага Савета.
Ён нагадаў, што зараз Украіна актыўна працуе з краінамі Блізкага Усходу і рэгіёна Персідскага заліва. Акрамя таго, вядуцца перагаворы з шэрагам партнёраў, рыхтуецца супрацоўніцтва з Каўказам.
«Напрыклад, арабскія дзяржавы маюць моцную супрацьпаветраную абарону ад ракет, а мы дапамагаем ім выбудаваць абарону ад шахедаў і на моры. Менавіта такую інтэграваную абарону трэба стварыць і для Еўропы, каб абараняць межы, узбярэжжа, мора, інфраструктуру і ўсё, што можа стаць мэтай. Я лічу, што гэта павінен быць сапраўды еўрапейскі праект», — сказаў Зяленскі.
Ён пагадзіўся, што кожная краіна працуе ў інтарэсах уласнай абароны. Аднак сумесныя намаганні Еўропы могуць мець значна большы эфект.
«Праграма SAFE, верагодна, недастатковая, таму што кожная краіна робіць тое, што лічыць патрэбным і што можа зрабіць, тады як пагрозы ад дронаў новыя і пастаянна эвалюцыянуюць. Нам трэба каардынавацца і стварыць агульны еўрапейскі інструмент — праграму па дронах», — канстатаваў Зяленскі.
Ён дадаў, што Украіна гатовая інвеставаць у гэты праект свой вопыт, прамысловасць і патэнцыял.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае намер запрасіць кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна на саміт лідараў G20, які адбудзецца ў снежні ў Маямі, піша The Washington Post.
Выданне цытуе заяву Дзярждэпартамента ЗША, у якой адзначаецца, што Дональд Трамп «ясна даў зразумець, што Расія можа прысутнічаць на сустрэчах G20, паколькі Злучаныя Штаты засяроджаны на правядзенні паспяховага і прадуктыўнага саміту».
Сам Дональд Трамп падчас зносін з прэсай пацвердзіў, што запрашэнне пакуль не адпраўлена, але станоўча пракаментаваў гэтую ідэю. «Я не запрашаў Пуціна на саміт G20, але калі б ён прыехаў, гэта, напэўна, было б вельмі карысна», — заявіў лідар ЗША.
Тым часам у МЗС Расіі заявілі, што Пуціна нібыта ўжо запрасілі на G20.