Расія можа быць гатовая да сутыкнення з НАТА праз год пасля заканчэння вайны ва Украіне

Выведкі краін Еўропы працягваюць ацэньваць ваенны патэнцыял Расіі і яе імавернае сутыкненне з НАТА. І на самым высокім ўзроўні прызнаецца — пакуль ідзе вайна ва Украіне, Украіна бароніць не толькі сябе, але і Еўропу. І РФ наўрад ці зацікаўленая ў міры. Ідуць 1520-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

680242926_1315588474087561_3435923594784723903_n.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак зафіксавана 159 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 штурмаў расіян ў раёнах Сафіеўкі, Новапаўлаўкі, Тарэцкага, Радзінскага, Філіі, Шаўчэнка, Мірнаграду, Грышына, Мураўкі, Котліна, Удачнага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 20 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Аляксандра-Шульціна, Іванаполля, Іллінаўкі і ў бок Навадзмітраўкі.

На Гуляйпільскім кірунку адбылося 16 атак расіян у раёнах Дабраполля, Горкага, Залізнічнага, Зялёнага, Стараўкраінкі і Цвяткова.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі восем разоў, на Купянскім кірунку — сем.

* * *

У ноч на 23 красавіка Расія атакавала Украіну 155 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 139 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны. Атака працягваецца, у паветранай прасторы некалькі БпЛА, папаярэджваюць Паветраныя сілы Украіны.

У ноч на 23 красавіка расійская армія атакавала Дняпро, у горадзе пашкоджана жылая забудова — дрон трапіў у шматпавярховік, пажар ахапіў некалькі кватэр. Два чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі раненні.

Армія РФ ударыла беспілотнікамі па чыгуначнай інфраструктуры Жытомірскай вобласці, у выніку атакі загінула жанчына.

Дроны атакавалі НПЗ і нафтахімічны камбінат у двух рэгіёнах Расіі. Пажары ўспыхнулі на нафтаперапампоўчай станцыі «Горкі» ў Ніжагародскай вобласці і на нафтахімічным камбінаце ў Самарскай вобласці РФ.

У ноч на 23 красавіка на нафтабазе ў часова акупаванай Феадосіі адбыўся пажар. Серыі выбухаў было чуваць таксама ў Севастопалі і на аэрадромах Бельбек і Кача.

* * * 

675515048_1315496657430076_6744244822986188146_n.jfif

* * *

Брытанскі прынц Гары прыбыў у Кіеў з неабвешчаным візітам, і выказаў павагу Украіне за тое, што яна «мужна і паспяхова» абараняе Еўропу ад Расіі, паведамляе The Sun.

«Прыемна вярнуцца ва Украіну — краіну, якая мужна і паспяхова абараняе ўсходні фланг Еўропы. Важна, каб мы не гублялі з-пад увагі важнасць гэтага», — адзначыў Гары ў каментарыі выданню.

Чакаецца, што прынц Гары прыме ўдзел у Кіеўскім форуме па бяспецы. Герцаг Сасекскі выказаў надзею, што зможа нагадаць людзям у свеце, з чым сутыкаецца Украіна.

Гэта трэці візіт Гары ва Украіну з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Прынц плануе наведаць сапёраў дабрачыннай арганізацыі HALO Trust, якую падтрымлівала яго нябожчыца маці, прынцэса Дыяна. Акрамя таго, Гары, які правёў 10 гадоў у брытанскай арміі, сустрэнецца з украінскімі ўдзельнікамі свайго фонду Invictus Games Foundation, які дапамагае параненым ветэранам выздараўліваць з дапамогай спорту.

* * *

На Кіпры 23 красавіка адбудзецца нефармальнае пасяджэнне Еўрапейскага савета, на якім асабіста будзе прысутнічаць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, паведамляе Politico. Асабістую прысутнасць Зяленскага (не праз відэасувязь, як планавалася раней) пацвердзіў выданню прэзідэнт Еўрасавета Антоніу Кошта.

Лідары ЕС гатовыя да верагоднага ўхвалення крэдыту ў падтрымку Украіны, які доўга блакіраваўся прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, які прайграў выбары 12 красавіка і не прыбудзе на пасяджэнне на Кіпры. Як чакаецца, працэдурна крэдыт будзе ўхвалены адначасова з аднаўленнем перапампоўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў кірунку Венгрыі, што пракладзе шлях да фізічнай выдачы крэдыту.

Паводле слоў Кошты, Еўропа даказала, што можа выконваць свае абавязацельствы, і будзе працягваць гэта рабіць. «Мы будзем падтрымліваць Украіну ў 2026 і 2027 гадах… столькі, колькі трэба, і колькі б гэта ні спатрэбілася», — адзначыў ён.

Таксама на гэтым пасяджэнні могуць афіцыйна зацвердзіць 20-ты пакет санкцый супраць Расіі. Новыя абмежаванні будуць накіраваны на нафтавы экспарт, расійскі ВПК і асоб, датычных да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, заявіў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.

* * *

Прэс-сакратар крамлёўскага лідара Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Уладзімір Пуцін «гатовы да сустрэчы з Зяленскім», але не будзе з ім сустракацца да таго часу, пакуль гэта не будзе «вынікова».

«Галоўнае — мэта сустрэчы. Для чаго сустракацца? Пуцін казаў, што ён гатовы сустрэцца ў Маскве ў любы момант. Галоўнае, каб было, для чаго сустракацца, і галоўнае, каб сустрэча была выніковай, а яна можа быць толькі для таго, каб фіналізаваць дамоўленасці», — сказаў Пяскоў.

Кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзынфармацыі (ЦПД) СНБА Украіны Андрэй Каваленка адзначыў, што пасля фразы пра «гатоўнасць Пуціна» Пяскоў загадзя агучыў умову, на якую Украіна не пойдзе.

«Пяскоў злусіць. Пуцін не гатовы да сустрэчы з Зяленскім, бо пасля слоў Пяскова пра "гатоўнасць" ён адразу ж высунуў нерэалістычныя ўмовы, намякнуўшы на вывад войскаў з Данбаса, якога не будзе», — адзначыў Каваленка.

Кіраўнік ЦПД падкрэсліў, што Расія плануе ваяваць далей і мір ёй не патрэбны. «Яны проста зноў робяць выгляд перад заходняй аўдыторыяй, што гатовыя да завяршэння вайны, але гэта хлусня», — рэзюмаваў ён.

Варта адзначыць, што міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга 17 красавіка заявіў, што Украіна гатовая правесці ў Турцыі сустрэчу Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна з удзелам Рэджэпа Таіпа Эрдагана і Дональда Трампа.

* * *

Намеснік кіраўніка МЗС РФ Аляксандр Панкін заявіў, што РФ атрымала запрашэнне да ўдзелу ў саміце G20 у ЗША. Аднак рашэнне аб удзеле пакуль не прынята.

«Ёсць запрашэнне прысутнічаць на самым высокім узроўні, але мы паглядзім бліжэй да даты, Бог ведае, што здарыцца да гэтага», — адзначыў Панкін.

Прэс-сакратар Крамля Пяскоў заяўляў, што пра візіт расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна ў ЗША на саміт G20 «гаворкі не ідзе».

Саміт G20 у ЗША запланаваны на 14-15 снежня. Да гэтага — у лістападзе, — у Штатах пройдуць прамежкавыя выбары па абранні Сената і Кангрэса. Чакаецца, што партыя Дональда Трампа на іх разгромна прайграе, пасля чаго самому Трампу могуць аб’явіць імпічмент. Прынамсі, заляцанні ЗША з Расіяй павінны спыніцца.

* * *

Расія можа падрыхтавацца да патэнцыйнага сутыкнення з НАТА прыкладна праз год пасля завяршэння вайны супраць Украіны, паведаміла ў штогадовай справаздачы выведка Нідэрландаў.

У дакуменце адзначаецца, што пакуль ідзе вайна ва Украіне, поўнамаштабны канфлікт з Альянсам малаверагодны. У той жа час Масква ўжо рыхтуецца да магчымага супрацьстаяння, у прыватнасці разглядаючы сцэнарыі абмежаваных тэрытарыяльных дзеянняў з мэтай палітычнай дэстабілізацыі НАТА.

Нягледзячы на значныя страты, Расія працягвае аднаўляць і пашыраць свае ўзброеныя сілы. Асноўная ўвага надаецца набору асабовага складу, вытворчасці ўзбраення і назапашванню боепрыпасаў. Асабліва актыўна развіваюцца сістэмы супрацьпаветранай абароны, дальнабойная зброя і беспілотныя тэхналогіі. У справаздачы адзначаецца, што баявы вопыт, атрыманы ў вайне супраць Украіны, павышае эфектыўнасць расійскай арміі.

Акрамя таго, Расія актывізавала гібрыдныя метады ўздзеяння ў Еўропе, у прыватнасці дыверсіі, шпіянаж і інфармацыйныя аперацыі. Пасля часовага спаду ў 2024 годзе інтэнсіўнасць такіх дзеянняў зноў расце.