Украіна ўзмацняе СПА на фоне расійскіх масіраваных паветраных атак
Расія перайшла да новай тактыкі ракетна-дронавых удараў — яны цяпер атакуюць не толькі ўначы, але і днём. Гэта паклікана знясіліць супрацьпаветраную абарону Украіны. У адказ партнёры Украіны ўзмацняюць яе СПА. Ідуць 1513-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 153 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Удачнага, Грышына, Мураўкі, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 14 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Сафіеўкі і ў бок Іллінаўкі, Новапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 12 атак у раёнах Гуляйполя, Залізнічнага, Прылук і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку армія РФ атакавала восем разоў у раёнах Аляксандраграду, Воранава, Цярновага, Калінаўскага, Злагоды.
* * *
За суткі — з 07.00 15 красавіка па 07.00 16 красавіка — Расія здзейсніла дзве хвалі камбінаваных атак па тэрыторыі Украіны з прымяненнем ракет наземнага, паветранага базавання і ўдарных беспілотнікаў.
Усяго радыётэхнічнымі войскамі Паветраных Сіл Украіны выяўлена і здзейснена суправаджэнне 703 паветраных цэляў:
- 19 балістычных ракет Іскандэр-М/С-400;
- 20 крылатых ракет Х-101;
- 5 крылатых ракет Іскандэр-К;
- 659 БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікаў іншых тыпаў.
Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 667 варожых цэляў:
- 19 крылатых ракет Х-101;
- 8 балістычных ракет Іскандэр-М/С-400;
- 4 крылатыя ракеты Іскандэр-К;
- 636 БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікаў іншых тыпаў.
Атака працягваецца, у паветры некалькі варожых БпЛА, папярэджваюць СПА Украіны.
* * *
Расійскія войскі другія суткі запар наносяць ракетна-дронавы ўдар па шэрагу рэгіёнаў Украіны.
РФ атакавала Кіеў балістыкай. У Падольскім, Абалонскім і Шаўчэнкаўскім раёнах пашкоджаны дамы. У Падольскім раёне абломкі ракеты патрапілі ў шосты паверх 16-павярховага дома. У выніку атакі на сталіцу Украіны загінулі чатыры чалавекі, сярод іх 12-гадовы хлопчык. Пацярпелі 45 жыхароў горада.
Ноччу 16 красавіка быў атакаваны Дняпро. Пашкоджана пяціпавярхоўка, часткова разбураны прыватны дом, пашкоджана навучальная ўстанова. Тры чалавекі загінулі, 34 — атрымалі раненні, 14 пацярпелых знаходзяцца ў бальніцы, пяцёра з іх у цяжкім стане.
Адэса за ноч перажыла некалькі хваль атак ракетамі і ўдарнымі БпЛА. Вядома пра 8 загінулых, яшчэ 16 чалавек пацярпелі.
У Харкаве ў выніку атак ударнымі БпЛА пацярпелі 66-гадовы мужчына і 77-гадовая жанчына.
Польшча на фоне масіраванага ўдару РФ па Украіне закрывала аэрапорты ў Любліне і Жэшуве, а таксама падымала ў паветра баявую авіяцыю.
У горадзе Туапсэ ў Краснадарскім краі Расіі пасля атакі БПЛА адбыўся пажар на нафтабазе каля порта. Гараць як мінімум два рэзервуары.
* * *
* * *
Украіна атрымае $4 млрд для ўзмацнення супрацьпаветранай абароны і больш за $1,5 млрд — на беспілотнікі. Пра гэта паведаміў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў пасля сустрэчы Кантактнай групы ў фармаце Рамштайн.
Ключавыя рашэнні партнёраў:
- Вялікабрытанія дае самы вялікі пакет падтрымкі ў сферы дронаў у гэтым годзе.
- Германія інвестуе $4 млрд ва ўзмацненне СПА. Яшчэ $600 млн выдзеляць на развіццё магчымасцей deep strike і mid strike.
- Нідэрланды накіроўваюць 248 млн еўра на беспілотнікі.
- Нарвегія выдзяляе $560 млн на базавае забеспячэнне брыгад дронамі і $150 млн на лагістычны хаб.
- Іспанія накіроўвае 215 млн еўра ў межах SAFE і ўзмацняе СПА дадатковымі ракетамі да Patriot.
Пяць краін — Бельгія, Нарвегія, Балгарыя, Літва і Эстонія — абвясцілі пра новыя ўзносы ў праграму PURL, якая накіравана на закупку зброі ў ЗША. Асобна Фёдараў адзначыў ініцыятыву па ўзмацненні СПА, пачатую міністрам абароны ФРГ Борысам Пісторыусам, па ёй ужо прыцягнута €2 млрд на тэрміновыя пастаўкі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў падзяку ўсім партнёрам па кааліцыі і адзначыў: «Галоўнае, каб кожнае абавязацельства, пра якое абвяшчаецца, паўнавартасна і своечасова выконвалася. Калі забеспячэнне нашай абароны дастатковае, у Расіі няма магчымасці рэальна дасягнуць сваіх акупацыйных мэтаў».
* * *
Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў абвінаваціў ЗША ў планах па стварэнні ў Еўропе новага ваеннага блока з удзелам Украіны.
Паводле яго слоў, нягледзячы на дамоўленасці, дасягнутыя падчас сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Расіі на Алясцы, Вашынгтон не адмовіўся ад палітыкі стрымлівання Масквы. Лаўроў сцвярджае, што ЗША падтрымліваюць фарміраванне новага ваеннага аб’яднання ў Еўропе.
Міністр РФ спаслаўся на выступленне першага намесніка кіраўніка Пентагона Колбі ў Сенаце ЗША, заявіўшы, што той нібыта казаў пра імкненне амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа схіліць Расію і Украіну да кампрамісу і разглядаць мір як элемент доўгатэрміновага стрымлівання РФ.
Лаўроў таксама заявіў, што ініцыятыва стварэння новага ваеннага блока сыходзіць з ЗША і прасоўваецца спецпрадстаўніком Кітам Келагам. Паводле яго сцвярджэння, Украіна можа стаць яго асноўным удзельнікам.
На думку кіраўніка расійскага МЗС, ЗША імкнуцца перакласці адказнасць за стрымліванне Расіі на Еўропу, каб засяродзіцца на «кітайскім кірунку».
Варта адзначыць, што Кіт Келагсапраўды прапаноўваў стварыць новы ваенны блок з удзелам Украіны. Аднак ён не з’яўляецца «спецпрадстаўніком» Трампа — ён пакінуў гэтую пасаду ў студзені 2026 года ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў. Таксама Келаг пакінуў і каманду прэзідэнта ЗША, і цяпер працуе ў вашынгтонскай кансалтынгавай і экспертнай фірме BGR Group. То-бок, дэ-факта ён з’яўляецца прыватнай асобай, і можа казаць усё, што яму прыйдзе да галавы.
* * *
ЗША могуць пашырыць вытворчасць зброі за кошт цывільнай прамысловасці. Пентагон ужо вядзе перамовы з буйнымі аўтавытворцамі і індустрыяльнымі кампаніямі, піша The Wall Street Journal.
Паводле даных выдання, амерыканскія абаронныя чыноўнікі абмяркоўваюць з бізнесам магчымасць прыцягнення вытворчых магутнасцей для выпуску боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі. Гаворка ідзе пра такія кампаніі, як General Motors і Ford Motor. Да абмеркаванняў таксама прыцягнутыя прамысловыя і аэракасмічныя кампаніі, у прыватнасці GE Aerospace і Oshkosh Corporation.
Перамовы, якія прайшлі з прадстаўнікамі аўтагігантаў, носяць папярэдні характар і ахопліваюць шырокі спектр пытанняў — ад магчымасці хуткага перапрафілявання заводаў да бар’ераў у сферы кантрактаў і тэндэраў. Таксама ўлады ЗША ацэньваюць, ці здольныя цывільныя вытворцы аператыўна перайсці на абаронныя заказы.
WSJ піша, што прычынай перапрафілявання аўтагігантаў стала вычарпанне запасаў узбраення з-за працяглых канфліктаў, у прыватнасці вайны ва Украіне і абастрэння на Блізкім Усходзе. У Пентагоне лічаць, што традыцыйных абаронных падрадчыкаў можа быць недастаткова для хуткага нарошчвання вытворчасці.
У Мінабароны ЗША падкрэсліваюць, што мэта гэтага плана — хутка пашырыць абаронна-прамысловую базу і забяспечыць перавагу амерыканскіх вайскоўцаў.
Чакаецца, што новы абаронны бюджэт ЗША, які можа дасягнуць 1,5 трлн долараў, будзе прадугледжваць значныя інвестыцыі ў вытворчасць боепрыпасаў і беспілотнікаў.