Украінскія беспілотнікі атакавалі Казань. Людзі хаваліся метро, прыпыніў працу аэрапорт

Украінскія беспілотнікі атакавалі Казань раніцай 21 снежня. Улады Татарстана паведамілі, што ў атацы ўдзельнічалі не менш за восем дронаў: шэсць з іх трапілі ў жылыя дамы, адзін — у прамысловае прадпрыемства, а адзін збілі над ракой.

Фота РІА "Навіны"

Фота РІА "Навіны"

Беспілотнік, які спрабаваў атакаваць прамысловае прадпрыемства, не трапіў у цэль, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка Татарстана.

У Мінабароны РФ заявілі, што дроны УСУ атакавалі Казань трыма хвалямі і з розных напрамкаў у перыяд з 07:40 да 09:20 раніцы. «Тры беспілотныя лятальныя апараты УСУ знішчаныя дзяжурнымі сродкамі СПА, яшчэ тры БПЛА падушаныя сродкамі РЭБ», — заявілі ў Міністэрстве.

Беспілотнікі ўрэзаліся ў жылыя дамы ў Савецкім, Кіраўскім і Прыволжскім раёнах Казані, паведамілі ў мэрыі. Два беспілотнікі, мяркуючы па відэазапісах відавочцаў, урэзаліся ў 37-павярховы жылы дом «Блакітныя нябёсы» на праспекце Альберта Камалеева.

Два дроны ўрэзаліся ў 23-павярховы жылы комплекс «Манхэтэн» на Арэнбургскім тракце. Адзін беспілотнік трапіў у дах чатырохпавярховага жылога дома на вуліцы Клары Цэткін. Baza паведамляе, што таксама беспілотнікі ўрэзаліся ў дамы на вуліцы Юкозінскай, Хадзі Такташа і Чырвонай пазіцыі.

Улады Татарстана заявілі, што загінулых і пацярпелых у Казані няма. Тэлеграм-канал Shot паведаміў, што пацярпелі тры чалавекі, у асноўным у іх парэзы ад выбітых шыбаў.


Глядзіце таксама

Жыхароў пашкоджаных жылых дамоў і работнікаў прамысловага прадпрыемства эвакуявалі. Акрамя таго, праз атаку беспілотнікаў улады правялі выбарачную эвакуацыю ў школах, «дзе гэта было неабходна ў мэтах бяспекі». «Дзяцей праводзілі на час у падвалы», — паведамілі ў мэрыі Казані. Падчас атакі мясцовыя жыхары хаваліся ў тым ліку ў метро. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкула аб тэракце.

Аэрапорт Казані часова закрылі. У Расавіяцыі паведамілі, што ўвялі часовыя абмежаванні на працу аэрапорта, ён не прымае і не адпраўляе авіярэйсы. Адначасова з гэтым рэйсы перастаў прымаць аэрапорт Іжэўска, там увялі план «Дыван», паведамілі ўлады Удмуртыі. Акрамя таго, абмежаванні ўвялі ў аэрапорце Саратава, але неўзабаве ён аднавіў працу. Абмежаванні ў аэрапорце Казані адмянілі пасля 12:00.

У Татарстане ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі для органаў улады і падраздзяленняў МНС у сувязі з атакай беспілотнікаў на Казань, паведамляе «Татар-Інформ» са спасылкай на распараджэнне на кіраўніка рэспублікі Рустама Мініханава. У рэгіёне адмянілі ўсе масавыя мерапрыемствы, запланаваныя на 21-22 снежня.

Паводле «Медузы».