Расія пачала кідаць салдат КНДР у штурмы — Зяленскі
Ёсць звесткі, што Расія пачала ўжываць прыкметную колькасць вайскоўцаў з Паўночнай Карэі ў штурмах, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце 14 снежня.

Паводле яго слоў, расіяне ўключаюць іх у зводныя падраздзяленні і выкарыстоўваюць у аперацыях пакуль толькі ў раёнах Курскай вобласці, аднак ужо ёсць інфармацыя, што паўночнакарэйцаў пачнуць прымяняць і на іншых участках фронту.
«Страты сярод гэтай катэгорыі ўжо прыкметныя, — заявіў Зяленскі. — Фактычна Масква ўцягнула ў гэтую вайну яшчэ адну дзяржаву, прычым ўцягнула максімальна. І калі гэта не эскалацыя, то што тады эскалацыя, пра якую шмат хто казаў? Менавіта Пуцін робіць крокі, якія пашыраюць і працягваюць гэтую вайну. Менавіта ён адштурхвае мір».
Прэзідэнт Украіны папярэдзіў, што Пуцін хоча, каб і ў Азіі дадалося праблем, бо менавіта для гэтага, на ягоную думку, «расійцы вучаць Паўночную Карэю сучаснай вайне».
Глядзіце таксама

«Відавочна, што Масква ігнаруе заклікі ўсіх краін, ад Кітая і Бразіліі да многіх іншых, аб неабходнасці рабіць усё для дээскалацыі. Калі няма жорсткай рэакцыі свету, Расія робіць вайну горшай. Заўсёды так. Мы будзем абараняцца, у тым ліку супраць гэтых паўночнакарэйцаў. Мы будзем і далей дзейнічаць скаардынавана з усімі нашымі партнёрамі, каб гэтую вайну спыніць — спыніць надзейна, гарантаваным мірам», — дадаў Зяленскі.
Нагадаем, камандзір аддзялення 24-га штурмавога батальёна «Айдар» Станіслаў Бунятаў з пазыўным «Асман» паведаміў, што ў бой паўночнакарэйцы пайшлі больш за тыдзень таму: «Гэта падрыхтаваны і матываваны асабісты склад, які добра валодае ўсімі відамі ўзбраення савецкага ўзору, перажывае за жыццё сваіх субратаў і атрымлівае жорсткую дэматывацыю праз страты».
У Радзе нацыянальнай бяспекі Украіны пры гэтым заклікалі не перабольшваць сітуацыю з паўночнакарэйскімі войскамі ў Курскай вобласці: «Так, іх рыхтавалі да ўвядзення ў бой у якасці пяхоты ў расійскіх падраздзяленнях, выключна для колькасці... Цяпер шмат чутак пра «карэйцаў, якія не сканчаюцца». Яны канчаюцца, нават вельмі».
Паводле unian.net.