Зяленскі: Калі Расія атрымае перадых у вайне, яна нападзе на краіны Балтыі ў 2028 годзе

Кіраўнік Украіны падкрэсліў, што Расія разглядае сцэнарый замарожвання вайны супраць Украіны, бо Масква «задушыла Беларусь, спрабавала вырваць кавалкі з цела Украіны». Таму параза ў вайне найбольш надзейна нейтралізуе агрэсара.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__17__logo.jpg

Украінская выведка мае інфармацыю аб тым, што Расія разглядае сцэнары замарозкі вайны супраць Украіны. Гэта дасць РФ магчымасць да 2028 года аднавіць знішчаны ваенны патэнцыял і пачаць новую вайну супраць краін Балтыі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас устаноўчага пасяджэння 3-га саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Грэнадзе (Іспанія). 

«Я, як заўсёды, буду з вамі шчырым. Цяпер Расія разглядае розныя сцэнары на бліжэйшыя гады. Адзін з іх асабліва небяспечны. Калі будзе нейкая паўза ў гэтай агрэсіі супраць Украіны — нейкая замарозка сітуацыі, то будзе новы крытычны момант», — сказаў ён.

На думку Зяленскага, калі даць Расіі адаптавацца цяпер, то да 2028 года Крэмль зможа аднавіць знішчаны на вайне з Украінай патэнцыял. Таму, на думку прэзідэнта Украіны, у Расіі хопіць моцы, каб атакаваць краіны, якія знаходзяцца ў цэнтры расійскай экспансіі. 

«Акрамя Украіны, гэта, безумоўна, краіны Балтыі, і, безумоўна, тыя краіны, на тэрыторыі якіх прысутнічаюць расійскія кантынгенты. Гэта адназначная інфармацыя нашай разведкі. Мы вам пра гэта сігналізуем», — сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што Расія шукае магчымасці замарозіць сітуацыю і адаптавацца, зрабіць высновы са сваіх памылак — і рыхтуецца рухацца далей. Ён заклікаў лідараў Еўропы памятаць, што самы небяспечны вораг — гэта той, хто зрабіў высновы і на іх аснове падрыхтаваўся да наступнага ўдару.

«Масква выразна акрэслівае свае амбіцыі — захапіць для сябе больш імперскай прасторы і не дазволіць Еўропе быць прасторай свабодных нацый і дзеючых дэмакратый, разбурыць еўрапейскае адзінства... І ў той жа час вайна — асноўны інструмент Расіі — інструмент за падпарадкаванне або маніпуляванне іншымі», — адзначыў Зяленскі.

Зяленскі нагадаў, што Расія гадамі распальвае канфлікты ў розных краінах. У прыватнасці, яна «нанесла боль Малдове, спрабавала раздушыць і падзяліць Грузію, дэстабілізавала іншыя часткі Каўказа, задушыла Беларусь, спрабавала вырваць кавалкі з цела Украіны». 

На яго думку, кожная краіна, якая пацярпела ад расійскага ўмяшання або ўварвання, павінна атрымаць падтрымку і мець патрэбу ў гарантыях бяспекі, каб у Расіі нават не было спакусы зноў паспрабаваць парушыць іх суверэнітэт. 

«Патрэбны выразны сігнал, што ў Расіі няма шанцаў», — падкрэсліў Зяленскі. 

Пры гэтым ён адзначыў, што параза ў вайне найбольш надзейна нейтралізуе агрэсара. Таму прама зараз разам з усім светам Украіна мае магчымасць нанесці прынцыповую паразу расійскай агрэсіі.

«Дзякуючы Украіне, вашы салдаты цяпер не ваююць супраць Расіі. Мы не сумняваемся ў сіле NАТO. Але я ўпэўнены, што ніхто з вас не хоча праверыць, а што будзе, калі, не дай бог, NАТO давядзецца выстаяць. Мы павінны перамагчы ва Украіне, каб Пуцін не змог перакінуць гэту агрэсію на кагосьці іншага, і гэта рэальна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле Зяленскага, цяпер Украіне вельмі неабходна ўзмацніць супрацьпаветраную абарону з улікам маючых адбыцца зімовых абстрэлаў з боку РФ.

«Кожны расійскі беспілотнік, збіты ва Украіне, кожны расійскі танк, знішчаны ва Украіне, з'яўляецца гарантыяй таго, што гэты беспілотнік, гэты танк, любая іншая расійская зброя, знішчаная ва Украіне, больш нікога ў Еўропе не заб’юць», — растлумачыў ён.

Нагадаем, сёння ў Грэнадзе (Іспанія) пачаўся саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці. У ім бярэ ўдзел і прэзідэнт Зяленскі, які прыбыў у краіну раніцай 5 кастрычніка.

Паводле УНІАН