З вяртаннем, Даша!

Для беларускіх, і не толькі, аматараў жаночага біятлону першы ў бягучым годзе этап Кубку свету ў Оберхофе быў доўгачаканы. 

Фота: sputnik.by

Фота: sputnik.by

Прычына — вяртанне ў вялікі спорт трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі беларускі Дар’і Домрачавай, якая не выходзіла на вялікія старты 665 дзён — спачатку па прычыне хваробы, а потым — з вельмі светлай нагоды — цяжарнасці.

За час адсутнасці на спаборніцтвах беларуская “каралева біятлону” пабралася шлюбам з “каралём біятлону” нарвежцам Оле-Эйнарам Б’ёрндаленам, нарадзіла дачушку. І вось вельмі хутка, праз тры месяцы пасля з’яўлення на свет дачкі, наша Даша ўзяла ўдзел у этапе Кубку свету. І стартавала для яе цяперашняга становішча вельмі ўдала (хоць хтосьці можа сказаць і нешта супраць). Домрачава з 92 удзельніц спрынту заняла 37-е месца, зарабіла першыя пункты ў заклік Кубку свету і, такім чынам, атрымала магчымасць удзельнічаць у гонцы пераследу, якая пройдзе ў суботу, на Раство Хрыстова.


Фота: Андрэй Аносаў / CБР

Фота: Андрэй Аносаў / CБР


Для спартоўкі, якая два гады не ўдзельнічала ў спаборніцтвах такога высокага рангу, гэта высокае дасягненне. Даша саступіла пераможцы этапу Габрыэле Каўкалавай (Чэхія) 2 хвіліны і 2 секунды. Прычым, Даша два разы пульнула міма на стрэльбішчы, а Каўкалава была бездкорнай. То бок, нашай Дашы давялося бегчы яшчэ два штрафныя кругі. Таму і можна казаць, што першы старт для беларускі (у плане хады па лыжні) выдаўся някепскім. Першыя заліковыя пункты, новая магчымасць працягнуць спаборніцтвы на гэтым этапе ў Оберхофе ў чарговай гонцы. На вялікі жаль, Даша не зможа ўзяць удзел у мас-старце, але гэта не самае галоўнае. Свой Вялікі старт пасля такіх значных падзеяў ва ўласным жыцці наша Даша пачала прыстойна. І хочацца верыць, што гэта сапраўдны пачатак вяртання ў вялікі спорт нашай вялікай біятланісткі.

Дарэчы, у пас’юце (гонцы пераследу) ў суботу возьме ўдзел яшчэ адна беларуска — Ірына Крыўко, якая заняла ў спрынтарскай гонцы 22-е месца. Так што заўзейма за нашых дзяўчат!