Галасуй! І прайграеш…
Я заўсёды меў падазрэнне, што выбары — гэта нешта накшталт латэрэі. Выйграе ў ёй не самы разумны, а той, каму пашанцуе. Альбо той, у каго «добры кантакт з арганізатарамі». Але каб у гэтым так сумленна, як кажуць, «на блакітным вочку», прызнаваліся…
Падавалася б, мясцовыя выбары — кампанія не вельмі значная. Яна не выклікае асаблівай цікавасці ў грамадзян. Асабліва ў нашых сённяшніх умовах, дзе, па-першае, дэпутат вызначаны зарання, па-другое, амаль не мае правоў і паўнамоцтваў, і па-трэцяе, мала што вырашае. Людзі ўсё гэта выдатна разумеюць, таму і не ходзяць на мясцовыя выбары, не патрабуюць ад дэпутатаў справаздачаў, і ўвогуле, забываюць яго прозвішча праз пару гадзін пасля галасавання.
Яўка электарата на мясцовых выбарах была нізкай заўсёды. Гэтую сітуацыю спрабавалі вырашыць шмат разоў, і аднойчы вырашылі яе кардынальна. Колькі гадоў таму датычна мясцовых выбараў мы змянілі заканадаўства. Мы (дакладней, улада) скасавалі так званы «парог яўкі» — выбары лічацца адбыўшыміся, колькі б народу на ўчасткі не прыйшло (а не як раней, не менш за 50% ці 25%). Мы скасавалі магчымасць другога туру — зараз абраным лічыцца той кандыдат, за якога прагаласавала простая большасць выбаршчыкаў (а не 50% + 1, як раней). Ну, як прагаласавала… Можа, прагаласавала, а можа і ўкінула… Скасавана ўвогуле ўсё — выбары лічацца адбыўшыміся, а кандыдат абраным, калі на ўчасткі ўвогуле не прыйшоў ніхто, а прагаласавалі толькі чальцы выбарчай камісіі.
Навошта пры такой выбарчай сістэме «накручваць» яўку выбаршчыкаў на ўчасткі? Не мае аніякага сэнсу! Гэта ж выбары не парламенцкія, і не прэзідэнцкія, дзе ўсё ж дзейнічаюць іншыя правілы і іншыя лічбы. Дый усё роўна хоць нехта на ўчастку з'явіцца: альбо звыклыя галасаваць глыбокія пенсіянеры, альбо хаця б дзеля таннага буфету.
Але…
У адной краме непадалёк ад месца жыхарства, побач са звычайнай рэкламай прома-акцыяў гандлёвай сеткі я знайшоў вельмі дзіўныя паперкі — «толькі для жыхароў Цэнтральнага раёну».
Ад імя невядома каго жыхарам раёну прапануецца 18 лютага наведаць выбарчыя ўчасткі, захапіўшы з сабою гэты флаер, каб «узяць удзел у праекце Цэнтральнага раёна горада Мінска». У цыдулку трэба ўпісаць імя, прозвішча, кантактны тэлефон, нумар выбарчага ўчастка (у тым жа Цэнтральным раёне), і пакінуць гэтую паперку на ўчастку. Каму аддаваць яе — камісіі, назіральнікам, міліцыянтам альбо іншым людзям — не ўказваецца, проста «Пакіньце флаер на выбарчым участку». І абяцана, што «18 шчасліўчыкаў чакае прыемны сюрпрыз».
Які сюрпрыз — таксама не паведамляецца.
З выходных дадзеных гэтых флаераў бачна, што надрукаваныя яны ў друкарні ФПБ — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Наклад — 50.000 экзэмпляраў. Пры гэтым, па дадзеных Мінгарвыканкама, у Цэнтральным раёне пражывае 109 тысяч 300 чалавек. То бок, на ўчасткі запрашаецца кожны другі жыхар раёна. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года сакратар Мінскай гарадской камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі Арцём Цуран казаў, што ў Цэнтральным раёне зарэгістравана 80 тысяч 290 выбаршчыкаў. Так што альбо насельніцтва «прасела», альбо флаераў замала.
Гэта штосьці новае ў закліках да галасавання. Раней нас па звычцы запрашалі наведаць выбарчы ўчастак, каб паглядзець «культурную праграму», набыць па зніжаных коштах спажывецкія тавары і кульнуць «пад гарачае» чарачку-другую, нават калі выбарчы ўчастак змяшчаўся ў школе ці іншай установе адукацыі. Зараз, як мы бачым, гэтага недастаткова.
Я заўсёды меў падазрэнне, што выбары — гэта нешта накшталт латэрэі. Выйграе ў ёй не самы разумны, а той, каму пашанцуе. Альбо той, у каго «добры кантакт з арганізатарамі». Але каб у гэтым так сумленна прызнавацца, і разыгрываць «сюрпрызы» за галасы выбаршчыкаў — гэта нешта новае.
І было б яно, можа, і зразумела, калі б у гэтай выбарчай кампаніі ад яўкі выбаршчыкаў што-небудзь залежала. Вунь, у Расіі, напрыклад, не саромеюцца. Але там адразу ўсё празрыста: за сэлфі з участку — новы Айфон. Інструкцыя, якая патрабуе ў дзень галасавання прыцягнуць народ на выбарчыя ўчасткі за кошт конкурсаў і каштоўных прызоў, зпушчана з Адміністрацыі кіраўніка РФ. Ідэя розыгрышу належыць намесніку кіраўніка пуцінскай адміністрацыі Сяргею Кірыенке. Калі што здарыцца — вядома, хто адказны, хто вінаваты і што з ім рабіць.
А ў нас што? Чыё гэта ноў-хаў? Хто так зкрэатывіў?
Канешне, на падставе выходных дадзеных можна здагадвацца, што друкарня ФПБ не будзе «ад балды» друкаваць такія флаеры. Верагодна, за мерапрыемствам стаіць ФПБ. Калі ў паперцы напісана «прымі ўдзел у праекце Цэнтральнага раёна», можна меркаваць, што да флаеру мае дачыненне адміністрацыя Цэнтральнага раёна. Але гэта ўсё — толькі здагадкі. Нармальны ініцыятар і арганізатар — таямніца, пакрытая змрокам.
Кожная рэкламная гульня, кожны розыгрыш, кожная латэрэя па беларускім заканадаўстве павінна мець свае гранічна акрэсленыя правілы. У дадзеным выпадку невядома, што гэта ўвогуле такое. Латэрэя? Рэкламная акцыя? Рэкламная гульня? Розыгрыш?
Хто праводзіць гэтую акцыю з сюрпрызамі? Хто яе арганізатар? Хто адказны за мерапрыемства? Якія ў гульні правілы, апроч «запоўні-аддай-атрымай»? Што за «праект Цэнтральнага раёна», у якім нас запрашаюць прыняць удзел?
Якія правілы гульні? Ці абавязкова галасаваць на выбарчым участку, альбо можна проста прыйсці туды, пакінуць гэты квіток невядома каму, і знікнуць? Хто будзе вырашаць спрэчныя пытаннні, калі такія ўзнікнуць?
На флаерах не указваецца ані форма «прыемнага сюрпрызу», ані парадак вызначэння гэтых «18 шчасліўчыкаў», ані спосаб дастаўкі сюрпрызу да шчасліўчыка. Што гэта будзе? Пацалунак у шчочку? Букет кветак? Аўдзі А8? Кватэра ў Цэнтральным раёне? «Многа дзенех»? Ці трэба будзе гэты сюрпрыз рэгістраваць у падатковай і плаціць з яго падатак на падарункі?
Ці гэта чарговае «развадзілава» з дзіўнай мэтай — завабіць людзей 18 лютага на выбарчыя ўчасткі?
Вам гэта нічога не нагадвае? Невядома хто праводзіць, невядома як вызначаецца пераможца, невядома па якіх правілах, невядома з якім вынікам…
Мне — нагадвае. Гэта ж проста беларускія выбары!