Расія. «Я Пуціна выбраў за новы айфон»
У Крамлі, падаецца, задумаліся, як забяспечыць патрэбную яўку на «перавыбарах» Пуціна.
З адміністрацыі кіраўніка Расіі спушчаная інструкцыя, якая патрабуе прыцягнуць 18 сакавіка — у дзень галасавання, — народ на выбарчыя ўчасткі конкурсамі з каштоўнымі прызамі.
Плануецца, у прыватнасці, прапанаваць дасылаць арганізатарам конкурсу сэлфі з выбарчых участкаў. Такія выбаршчыкі аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі розыгрышу айфона.
Ініцыятыва, за якой стаіць намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Сяргей Кірыенка, павесяліла інтэрнэт-супольнасць. Усе згадалі, што ў свой час гурт «Рабфак» напісаў жартоўную песню пра ўдзельнікаў балотных пратэстаў 2012-га, дзе ёсць словы: «Я Путина предал за новый айфон, поскольку тот тоньше и легче, чем он».
Па сутнасці, калі замяніць «предал» на слова «выбрал», атрымаецца гатовы слоган будучага конкурсу.
Паводле расійскай прэсы