Алена Янушкоўская абскарджвае нерэгістрацыю кандыдатам

Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алена Янушкоўская абскарджвае сваю нерэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты.

1516370275_1515515688_20180108_120836.jpg

Кандыдатам у Віцебскі абласны і Віцебскі раённы саветы Алену Янушкоўскую  зарэгістравалі, а вось у Заронаўскі сельскі — не.

“Аж тры подпісы несапраўдныя знайшлі правяраючыя. Па першыя два прыязджалі ў Баршчоўку ды патрапілі да сваякоў Алены, братоў Уласенка, надурылі ім галовы, паказалі два лісты, дзе былі занатаваныя іх дадзеныя з нібыта іх подпісамі. Патрабавалі пашпарты і ўпэўнілі, што подпісы фэйкавыя. Мужыкі разгубіліся. забыліся, што подпісы ставілі ў адным лісце ды побач адзін з адным у прысутнасці Алены ды сябра ініцыятыўнай групы. Па патрабаванні правяраючых напісалі паперкі, што подпісы не іх. Да трэцяга, што жыве ў Суйкава, па словах спадара Хлусевіча, камісія нават не прыйшла, ад яго імя зварганілі яшчэ адну адмову ды вынеслі вырак: не рэгістраваць”, — адзначыла каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.

“Думалі, прыме кандыдат іх рашэнне з горам, але вазіцца не будзе. Ды не на тую трапілі. Усё Алена разведала, высветліла, заручылася скаргай аднавяскоўца, а вось сваякі падвялі, маўляў, разбірайцеся самі, мы на выбары ўвогуле больш аніякія не пойдзем, раз вы такія... Людзі, яны ж розныя, магчыма, ёсць чым трымаць гэных Уласенкаў мясцовай уладзе, вёска ж, мала ці што... Скарга Алены Янушкоўскай пададзеная ў раённую камісію — першую інстанцыю. Будзе трэба, пойдзе далей. Аніяк не могуць пагадзіцца вясковыя сельсавецкія дзеячы, што Алена мае вялікія шанцы заняць чыёсьці прыгрэтае ва ўладзе месца: і плёткі пра яе распускалі, і з выбарамі старасты абвялі, і тут намахлярылі. Але ж вяровачка ўецца не бясконца”, — падкрэсліла яна.

 bchd.info