Насуперак здароваму сэнсу
Міністэрства інфармацыі зноў паспрабавала пазмагацца з «няправільнымі» інфармацыйнымі рэсурсамі. Няма нічога новага пад сонцам — блакіроўка з незразумелых прычынаў сайта «Беларускі партызан» прыпала на тыя ж дні, калі тры гады таму, у 2014-м, быў заблакаваны шэраг айчынных недзяржаўных інтэрнэт-рэсурсаў.
Тады гэта не дало вынікаў. Як не дало і зараз. Але гаворка ўсё ж пра іншае.
Не так даўно ў сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя пра тое, што «Расія завязе на беларускія склады свае танкі і гарматы». Гэта, нібыта, прадугледжвае праект праграмы Саюзнай дзяржавы «Аб удасканаленні аб'ектаў вайсковай інфраструктуры», і адбываецца тое ў межах падрыхтоўкі да вайны. Гэтая інфармацыя, як і шмат іншай інфармацыі пра «расійскія войскі» ў Беларусі, апынулася несапраўднай. У згаданым дакуменце размова ідзе пра мадэрнізацыю і рамонт шэрагу вайсковых аб’ектаў. І нічога — пра танкі і гарматы.
Варта зазначыць, што гэта ўжо не першы (і, напэўна, не апошні) ўкід, які, тым не менш, ставіць Сінявокую ў нязручнае становішча. І тым больш варта зазначыць, што абвяржэнне гэтай страшылкі мы атрымалі не з Мінабароны, не з дзяржаўнай агенцтва БелТА і не з беларускага тэлебачання, а з недзяржаўнай газеты «Наша Ніва».
Падобныя ўкіды наконт Беларусі сталі даволі распаўсюджанымі. Ці тое нехта сцвярджае, што Расія не вывела ўсе войскі пасля «Захаду-2017», ці тое НТВ пачне абражаць дзяржаву, параўноўваючы яе з жанчынай лёгкіх паводзінаў…
Наколькі падобныя «фэйкі» небяспечныя? Насамрэч, не варта такую небяспеку змяншаць. Пад час вучэнняў «Захад-2017» у расійскім інтэрнэце з'явілася інфармацыя пра «марш» 1-й расійскай танкавай арміі на Беларусь. Толькі праз пяць (!) гадзін журналісты ледзь не абцугамі выцягнулі з прэс-службы Мінабароны Сінявокай абвяржэнне расійскай інфармацыі аб перакідцы войскаў.
«Уявіце сабе, што адразу пасля інфармацыі пра «танкавы марш на Беларусь» крамлёўскія СМІ распаўсюдзілі б фэйк пра тое, што беларускія вайсковыя часткі адна за адной вывешваюць расійскія сцягі, мясцовыя ўлады разбягаюцца, а праваахоўнікі пераходзяць на бок Расіі (а танкі пры гэтым дакладна б ішлі на Беларусь). Уявіце сабе, якая паніка ахапіла б беларускае грамадства, да якой ступені былі б дэзарыентаваныя мясцовыя ўлады, сілавікі і вайскоўцы за тыя гадзіны, якія патрэбныя прэс-службе Мінабароны для таго, каб прачнуцца і абвергнуць фэйк» — напісаў журналіст «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў. І ён цалкам мае рацыю.
І ўвесь наш дзяржаўна-прапагандысцкі апарат раптам аказаўся бездапаможным у змаганні з тым жа НТВ. Усё, на што хапіла нашых прапагандыстаў у спрэчцы з расійскім тэлеканалам — гэта карыкатура ў стылі Кукрыніксаў (а значыць, амаль стогадовай даўніны) у «СБ. Беларусь сегодня» ды адцэнзураванае ток-шоў на БТ з запрашэннем старшыні БНФ Кастусёва. Урэшце, абразлівае шоў НТВ «знялі з пракату» ў Сінявокай. Што зусім не ўпісваецца ў канцэпт »інфармацыйнай бяспекі», таму што падобныя абразлівыя перадачы могуць паўтарыцца ў іншай перадачы ў іншы час.
Дайшло да таго, што старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька пачаў жаліцца: маўляў, БТ не хапае сродкаў на пераклад фільмаў на беларускую мову і на стварэнне фільмаў па гісторыі. А таму супрацьстаяць варожай прапагандзе няма як.
Не хапае сродкаў? У наступным годзе для Белтэлерадыёкампаніі закладзена ў бюджэт 82 млн, 838 тысяч 467 рублёў. Гэта больш 41 мільён долараў ў эквіваленце. Каб зрабіць нешта карыснае — адразу знаходзяцца адмазкі. Але, калі трэба тэрмінова скляпаць прапагандысцкую страшылку — «Белы легіён чорных душаў» альбо розныя «Званкі сябру» па матывах веснавых маршаў недармаедаў — безграшоўе ў БТ раптам знікае.
А вось былы палітзняволены Андрэй Кім і яго ініцыятыва «Кінаконг» у дзяржавы грошай не просіць. Але перакладае на беларускую мову сусветныя блакбастэры, якія потым паспяхова ідуць у кінатэатрах.
У сувязі з блакіроўкай «Белпартызана» шмат хто заўважыў іншую дзіўную рэч. У нас існуе справа інтэрнэт-рэсурса «Рэгнум», шэраг аўтараў якога называлі краіну «недадзяржавай» і знаходзяцца зараз пад арыштам за распальванне варожасці. Між тым, «Рэгнум» у краіне заблакаваны не быў.
Чаму ж уся нашая прапагандысцкая машына, якая дэманструе сваю моц на «ўнутраным рынку», адразу становіцца бездапаможнай перад знешнімі выклікамі?
Мажліва, таму, што шмат што ў свеце змянілася. Але заўважыць і адрэагаваць на гэтыя змены занадта кансерватыўная дзяржаўная сістэма проста не можа. Таму што яна звыкла быць безыніцыятыўнай і працаваць «па ўказцы зверху». Таму і рэагуе на выклікі штампамі мінулага стагоддзя.
Калі зноў глядзець рэтраспектыўна, то супрацьстаяць інфармацыйнай вайне якраз недзяржаўныя СМІ і «апазіцыйныя» інфармацыйныя рэсурсы. Хто раскапаў матэрыялы пра беларускіх грамадзян, якія ваявалі ў ЛНР/ДНР? Радыё «Свабода». Хто пісаў пра вышкалы ў расійскіх «патрыятычных» лагерах беларускіх школьнікаў? «Наша Ніва». І той жа «Беларускі партызан» шмат увагі надаваў супрацьдзеянню разгортвання ў Беларусі «русского мира» і «гібрыднай вайны». І нават «справа рэгнумаўцаў» узнікла пасля таго, як па знакамітых выказваннях аўтараў расійскага парталу прайшліся недзяржаўныя СМІ.
Атрымліваецца, што менавіта недзяржаўная прэса, «пятая калона» і «нячэсаныя» журналісты зараз апынуліся ў першых шэрагах супрацьстаяння ў спробах весці інфармацыйную вайну ў Беларусі. Менавіта яны выкрываюць несапраўдныя навіны, даюць адлуп антыбеларускай прапагандзе і сапраўды бароняць незалежнасць краіны. Прычым, у недзяржаўных выданняў і блізка няма бюджэтаў БТ. А «бюджэтныя» прапагандысты ў гэтай справе абароны незалежнасці і суверэнітэту нешта млява квохтаюць — так, што іх і не чуваць.
І больш за тое — Мінінфармацыі ўстаўляе палкі ў колы тым, хто стаіць на сапраўды незалежніцкіх і дзяржаўніцкіх пазіцыях. Так і просіцца пытанне: «На каго вы працуеце? На Беларусь, альбо…?»
Вельмі дзіўным чынам «пятая калона» апынулася на варце дзяржаўных інтарэсаў. Ці, можа, не тых людзей лічылі «здраднікамі»?