Як адкрыць «закрытыя» сайты?

Большасць інтэрнэт-рэсурсаў, якія недасяжныя ў Беларусі з 20 снежня, працягваюць сваю працу. Проста для таго, каб іх прачытаць, патрабуюцца дадатковыя невялічкія высілкі.



bloksajt.jpg

«Чорным днём» у беларускай журналістыцы стане 20 снежня. У гэты дзень у 1994 годзе прагучаў знакаміты антыкарупцыйны даклад Антночыка, а на наступны дзень газеты выйшлі з белымі плямамі. Праз 20 год у гэты ж дзень улады пачалі масштабную блакіроўку незалежных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў.

Зменшага, былі заблакаваныя для прагляду ў Беларусі «Салідарнасць», «Хартыя’97»«Беларускі партызан», udf.by, а таксама сайты цалкам легальнага ў Бедларусі, аднак адзінага недзяржаўнага беларускага інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН» — belapan.by, belapan.com, і інтэрнэт-газеты гэтай кампаніі «Беларускія навіны» (naviny.by).

Яшчэ раз падкрэслім — большасць з гэтых рэсурсаў не дасяжныя для прагладу толькі ў Беларусі. З замежжа, — глядзі, колькі заўгодна! І існуе шэраг спосабаў абысці гэтую блакіроўку.

Складаней з тымі рэсурсамі, у якіх беларускі хостынг і сайты якіх знаходзяцца на беларускіх серверах, як, напрыклад, сайты БелаПАНу. Калі сервер з сайтам фізічна адключыць ад інтэрнэту (выдзернуць вілку з разеткі), зразумела, ніякія спосабы абысці такую «блакіроўку» не дапамогуць.

ТОР

Найпрасцейшы спосаб абысці беларускія забароны — паставіць сабе браўзер «Тор». Ён ёсць для Windows, Linux і MacOS, для iOS ёсць Onion Browser, а для Android ёсць Orbot. Плюс Тора ў тым, што ён працуе без дадатковага «калупання» у настройках кампутара. Мінус — нізкая хуткасць падлучэння.

Як гэта працуе? Сігнал з вашага браўзера праходзіць некалькі (а можа, і некалькі дзясяткаў) сервераў па ўсім свеце, і ў выніку вы лічыцеся «не беларускім» карыстачом інтэрнэту. Як калі б вы пайшлі ў краму, а там аб’ява: «Беларусам мы прадукты не прадаем!». Тады вы едзеце ў аэрапорт і ляціце з Мінску ў Мінск праз Вільню, Франкфурт-на-Майне, Нью-Ёрк, Бангладэш і аэрапрот Кабула. «далятаючы» у Мінcк з Кабула вы ідзеце ў тую ж краму, і опа — дзверы адчыняюцца, бо вы ўжо не «беларус» а «афганец з Кабула».

Прыкладна так ідзе трафік у Торы. Плюс — ён яшчэ і аўтаматычна шыфруецца.

Увага! Тор усталёўваецца ў выбраную вамі тэчку. Але гэта не значыць, што ён «прапісваецца» у кампутары. З-за гэтага, па першае, вам трэба будзе «ручкамі» перанесці ярлык запуску праграмы на працоўны стол, па-другое: выдаліць яго стандартнымі дэінсталятарамі немагчыма — яны Тор «не бачаць». Выдаленне адбываецца шляхам кнопкі «Delete». Гэта, як ні дзіўна, яшчэ адзін плюс Тора, таму што ўсталяваць яго вы можаце не толькі на кампутар, але і на флэшку. І запускаць, адпаведна, з флэшкі таксама, — так што гэты ананімны браўзер можа быць заўсёды з вамі.

Сцісла, і па справе

Калі з’явіўся мабільны інтэрнэт, ён быў надзвычай дарагі. Адпаведна, паўстала задача, як атрымаць максімальную колькась трафіку за тыя ж грошы. З гэтай функцыяй «сціскання трафіка» выдатна спраўляюцца браўзер Opera праз функцыю Opera Tubro, альбо Off-Road Mode. Падобную функцыю мае і раісійскі Яндекс.Браузер на базе Chromium. Потым аказалася, што гэтая функцыя дазваляе не толькі эканоміць мегабайты, але і праходзіць на забароненыя сайты.

Браўзеры падыходзяць як для камп’ютараў, так для смартфонаў. Opera Mini ставіцца практычна на любы смарт.

Справа ў чым? Каб сайт грузіўся хутчэй ды спажываў меней трафіку, звесткі з яго дастаўляюцца не наўпрост чытачу, а праз сервер, на якім карцінкі канвертуюцца ў ніжэйшую якасць (але з заўважна ніжэйшай «вагой»), і ўжо адтуль прыходзяць да вас.

То бок, у дадзеным выпадку ў краму «не для беларусаў» вы трапляеце не праз доўгі шлях па сусвету, а праз «адзін палёт у Маскву». Мінус — будуць праблемы з Flash-анімацыяй, не сціснецца (і можа не адлюстравацца) відэа. Да таго ж, на ўзроўні правайдэра можна заблакаваць «сціслы» трафік.

Расшырэнні

Для ўсіх сайтаў існуюць расшырэнні — дадатковыя праграмы з пэўнымі функцыямі. Праз гэтыя расшырэнні можна заблакавацьнавязлівую рэкламу, адлюстраванне банераў і іншае. А можна і абыходзіць блакіроўкі.

З дапамогай расшырэння Hola можна навучыць абыходзіць блакіроўкі і Firefox, i Chrome, і нават Internet Explorer. Яно ёсць і для смартфонаў. Для першых двух браўзераў таксама ёсць расшырэнні ZenMate і friGate. Лепш памятаць пра ўсе тры расшырэнні адразу.

Танцы з бубнам

Тыя, хто не шукае лёгкіх шляхоў, могуць карыстацца «ананімайзерамі». Гэта адкрытыя адрасы проксі-сервераў, праз якія можна выходзіць на заблакаваныя рэсурсы. Фармальна яны паказваюць правайдэру, што вы глядзіце нейкі незаблакаваны сайт. А насамрэч у вакне вам паказваецца «забароненае». Адрасы проксі-сервераў: proxfree.com, cameleo.ru, лёгка запамінаецца назва hide.me.

Плюс у тым, што нічога не трэба ўсталёўваць. Мінусы — могуць некарэктна адлюстроўвацца шрыфты, ды й трэба ведаць на памяць адрасы таго, куды хочаш патрапіць, — іх трэба ўводзіць рукамі або праз капіяванне. У адрозненне ад таго ж Тора, у якім існуе функцыя экспарту закладак.

Ёсць таксама VPN — віртуальныя прыватныя сеткі. Абсалютная большасць з іх платная. Бясплатныя — FrootVPN, VPNBook ці OpenVPN. Ёсць сеткі з сімвалічнай платай (1 долар на месяц) — prostovpn, але ёсць і больш дарагія, напрыклад HideMyAss. Многія VPN маюць уласныя праграмы для смартфонаў.

Веды —нашае ўсё.

Як ні дзіўна, блакуючы сайты, нашая ўлада падвышае кампутарную пісьменнасць насельніцтва. Зараз шмат людзей навучыцца карыстацца проксі, VPN і ананімайзерамі. Але ж можна параіць што яшчэ? Не «зацыклівацца» на нейкім адным спосабе абыходу блакіровак. Трэба мець на ўвазе некалькі такіх прыёмаў.

Напрыклад, Naviny.by не адкрываліся ані праз звычайны браўзер, ані праз Тор. Затое яны былі выдатна бачныя праз proxfree.com.

Карацей, калі заўтра ў вас не будзе адкрывацца сайт «Новага часу», вы ведаеце, што рабіць.