Атака на інтэрнэт-сайты — за што?

Шокам для грамадства стала адключэнне трох найбуйнейшых рэсурсаў зоны.бай — Анлайнера, Навін.бай і сайта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.



opera_turbo_charter.jpg

У выпадку Анлайнера з'явілася афіцыйная заява Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце аб тым, што сайт быў «выключаны з рэестра» «ў сувязі з выяўленымі Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь парушэннямі уладальнікам інтэрнэт-рэсурсу onliner.by заканадаўства аб гандлі».
Пазней прадстаўніца Мінгандлю заявіла, што Анлайнер атрымаў не адно папярэджанне перад тым, як быць закрыты.
Вядома, што парталу ставілі ў віну выкарыстанне размешчанымі на ім інтэрнэт-крамамі цэнаў у далярах і іншыя падобныя парушэнні.
Што датычыць Навінаў.бай і БелаПАНа — а Навіны.бай выдаюцца БелаПАНам — то тут ніякай афіцыйнай інфармацыі не было, але сайты застаюцца ў афлайне.
Юрый Зісер у сваім Фэйсбуку выказаў меркаванні, што адключэнню Анлайнера паспрыяла рэзкасць, з якой яго дырэктар размаўляў з чыноўнікамі з Міністэрства гандлю.
Варта адзначыць, што дырэктар Анлайнера Аляксандр Стэльмах тыдзень таму нечакана сышоў са сваёй пасады. Ад каментароў «Нашай Ніве» ён адмовіўся.
У Фэйсбуку Стэльмах катэгарычна запярэчыў Зісеру і заявіў, што заўсёды размаўляў з чыноўнікамі карэктна, а Зісер не можа ведаць, бо на тых сустрэчах не прысутнічаў.
«Впрочем, за тон не банят, просто портал под горячую руку попался: надо же на кого-то свалить вину за валютный кризис», — пагадзіўся Зісер.
Што датычыць БелаПАНа, то адключэнне можа быць пакараннем за смелы артыкул Аляксандра Класкоўскага «Беларускі «народзец» плаціць збор за палітычны інфантылізм», які шырока разышоўся ў інтэрнэце ў дзень, калі стала вядома пра 30-працэнтавы збор. Вядома, што ён выклікаў гнеў у Міністэрстве інфармацыі.
Ніякіх фармальных прэтэнзій да гэтага артыкула выставіць немагчыма, таму і тлумачэнняў бану няма.
Аднак якімі б ні былі падставы, гэта, як выглядае, толькі зачэпкі. Адначасова быў заблакаваны доступ да «Хартыі», «Беларускага партызана», «Салідарнасці» і іншых сайтаў, якія з Мінгандлю не бадаліся. У пятніцу на тры гадзіны адключалі нават Тут.бай. Такім чынам, у сваёй сутнасці гэта проста паслядоўная палітыка, скіраваная на абмежаванне свабоды слова. А віна знойдзецца.
Варта адзначыць, што эфект ад закрыцця парталаў будзе толькі частковы, псіхалагічны. Чыноўнікі не здольныя перакрыць доступ да сайтаў, размешчаных за межамі Беларусі, не ў зоне.бай. Чытачы заўжды змогуць выходзіць на іх праз Оперу Турба або праз ананімайзеры. Такіх спосабаў — безліч, і яны вельмі простыя, даступныя кожнаму.
nn.by