У Мінску за распальванне нацыянальнай варожасці судзяць аўтараў «Рэгнума»
18 снежня ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся судовы працэс па так званай справе «Рэгнума».
На лаве падсудных дацэнт БДУІР Юрый Паўлавец, брэсцкі ахоўнік Дзмітрый Алімкін і галоўны рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка. Усіх іх вінавацяць па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — “Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні, здзейсненае групай асоб”. Акрамя таго, у дачыненні да Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі выстаўлена абвінавачанне ў “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці” (ч. 1 арт. 233 КК).
Суддзіць Ігар Любавіцкі. Дзяржабвінаваўца — прадстаўнік пракуратуры Мінска Аляксандр Кароль.
Праваабарончы сайт spring96.org паведамляе, што ад пачатку быў заяўлены шэраг хадайніцтваў: аб далучэнні да справы запыту да Раскамнагляду, у адказ на які арганізацыя прыкмет экстрэмізму не бачыць; заключэнне псіхалагічна-лінгвістычнай экспертызы, адказ на запыт абаронцы ў дзяржаўныя музеі і інстытуты, які абверг інфармацыю пра тое, што БЧБ — сімвал экстрэмізму і супраціву; хадайніцтвы па выкліку сведак, у тым ліку экспертаў-лінгвістаў і членаў экспертнай камісіі па выяўленню экстрэмізму, а таксама незалежных экспертаў па гісторыі і лінгвістыцы.
Суддзя задаволіў хадайніцтвы, аднак некаторых сведак не дапускае да ўдзелу ў працэсе.
Адвакат заявіў хадайніцтва аб змене меры стрымання, звярнуў увагу, што Юры Паўлавец больш за год не бачыцца са сваякамі. Аднак, гэтае хадайніцтва было адхіленае.
Таксама дадаткова было заяўлена хадайніцтва аб прысутнасці родных і блізкіх у залі суда.
У залі суда распачалося судовае следства. Пракурор зачытвае абвінавачванне.
Між тым, за аднаго з падсудных заступіўся апазыцыйны палітык, прафсаюзны лідар Аляксандар Бухвостаў, піша Радыё Свабода.
Бухвостаў паведаміў у перапынку судовага працэсу, што Юры Паўлавец быў у кіраўніцтве ягонай Партыі працы (ліквідаваная ў 2004 годзе).
«Ён гісторык і спрабуе даць ацэнку падзей у краіне. Гэта навуковая спрэчка. Ён не беларусафоб. У ягоных артыкулах больш крытыкі пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі. Але ён мае права выказваць свае думкі», — мяркуе былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Аляксандар Бухвостаў.
Ён перакананы, што «гэта найперш спроба задушыць свабоду слова».
Паводле Бухвостава, Паўлавец у студэнцкія гады нібыта быў сябрам БНФ.
Нагадаем, Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя ў снежні 2016 года і з таго часу знаходзяцца пад арыштам. На іх завялі крымінальную справу па ч. 3 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб, - ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі).
У чэрвені на Паўлаўца і Шыпценка завялі новую крымінальную справу па артыкуле аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
У сакавіку ў Маскве па запыце беларускіх следчых затрымалі шэф-рэдактара «Рэгнум», беларускага грамадзяніна Юрыя Баранчык. Але экстрадыцыя не адбылася — маскоўскі суд вызваліў яго з-пад арышту. Сам Баранчык падаў прашэнне аб палітычным прытулку.
Адпусціць публіцыстаў заклікала арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Вядучыя беларускія праваабаронцы ў студыі TUT.BY распавялі, што пакуль не бачылі матэрыялаў справы, дастатковых для таго, каб назваць затрыманых палітвязнямі. Аднак кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заявіў, што, нягледзячы на сваю нязгоду з пазіцыяй абвінавачаных, ён лічыць пазбаўленне волі «відавочна непрапарцыйным».