Ці баяздольнае беларускае войска?
Украінскі ваенны эксперт Алег Жданаў лічыць, што армія Беларусі на сённяшні дзень можа выставіць ад 15 да 20 тысяч вайскоўцаў для ўварвання ва Украіну.

Каля 15 тысяч вайскоўцаў, адзначае ён, Беларусь гатовая выставіць дакладна, але адзінае, што стрымлівае Лукашэнку, — гэта яго страх страціць уладу: «Або рукамі Пуціна, які яго прымушае ваяваць, або рукамі беларускага народа і вайскоўцаў, якія не хочуць увязвацца ў гэтую вайну».
Беларускія вайскоўцы, адзначае Алег Жданаў, ва Украіне надвор'я ўжо не зробяць, але ва Уладзіміра Пуціна гэта самы буйны рэзерв, які ён можа сёння кінуць у бой, каб запоўніць аператыўную паўзу. «Для яго было б важна запусціць цяпер беларускае войска ў напрамку Луцк — Львоў і адцягнуць сілы ад месцаў, дзе УСУ наступаюць», — дадае Алег Жданаў.
Аналітык з Беларусі з такой ацэнкай не згодны. Калі казаць пра рэальную сілу беларускай арміі, адзначае ён, то гэта чатыры механізаваныя брыгады сухапутных сіл колькасцю 12 тысяч салдат плюс сілы спецаперацый — тры брыгады па 3 тысячы байцоў: «Увесці іх Украіну азначае агаліць усе межы краіны. Таму максімум, што Беларусь магла б прапанаваць Пуціну, гэта не больш за 6 тысяч салдат з ССА».
І нават тут ёсць шэраг праблем, аднадушна падкрэсліваюць назіральнікі, бо войска РБ ніколі не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях, а рыхтавалі яго «ў рамках наяўных фінансаў». Баяздольнасць — гэта не толькі колькасць салдат і тэхнікі, але і аператыўнае майстэрства з тактыкай. Таму, сказаў на заканчэнне яшчэ адзін беларускі ваенны эксперт, які папрасіў не называць яго імя, баяздольнасць «вызначаецца толькі адным крытэрам — вайной».