Каму давяраюць беларусы?
На думку Аляксандра Лукашэнкі, дзяржаўныя СМІ ўсё часцей перахопліваюць парадак дня ў інтэрнэце. Ці так гэта на самай справе?
Вядома, на стане незалежных медыя не маглі не адбіцца масавыя рэпрэсіі. Аднак, нягледзячы на блакіроўкі сайтаў і арышты журналістаў, недзяржаўныя СМІ ў чарговы раз прадэманстравалі высокую ўстойлівасць і здольнасць перабудаваць сваю працу нават у вельмі цяжкіх умовах. У выніку беларускай аўдыторыі па-ранейшаму даступны альтэрнатыўны погляд на падзеі ў краіне і свеце.
Апытанні, якія праводзіць «Chatham House», паказваюць, што на працягу ўсяго 2021 года давер да дзяржаўных СМІ заставаўся на ўзроўні ніжэй за 20%. У той жа час незалежныя медыя стабільна маюць па гэтым паказчыку ўдвая лепшы вынік (напрыклад, у мінулым лістападзе — 41%).
Што ж тычыцца «перахопу парадку дня», то паспрабуем разгледзець гэта ацэначнае меркаванне праз прызму галоўнай тэмы пачатку 2022 года — расійска-ўкраінскай вайны. Карціна будзе вельмі нагляднай, улічваючы тое, што падача інфармацыі пра баявыя дзеянні ў суседзяў у беларускіх незалежных медыя і дзяржаўных СМІ кардынальна адрозніваецца.
Дзяржаўныя СМІ практычна сталі рэтранслятарамі крамлёўскай прапаганды пра «спецаперацыю» супраць «нацыстаў». Незалежныя медыя, наадварот, разглядаюць уварванне як агрэсію супраць суверэннай Украіны.
Чыя пазіцыя аказвае большы ўплыў? Вельмі паказальным з'яўляецца выказванне на гэты конт чалавека, якога складана западозрыць у сімпатыях да недзяржаўных СМІ. Дацэнт кафедры паліталогіі БДУ і дарадца прэзідэнта Расійскай асацыяцыі прыбалтыйскіх даследаванняў Усевалад Шымаў піша на Rubaltic.ru:
«Празаходняя інфармацыйная сетка, актыўнасць якой значна знізілася пасля жорсткай зачысткі беларускага інфаполя, з пачаткам украінскай кампаніі зноў акрыяла духам і літаральна бамбуе беларускія сацсеткі праўкраінскай і антырасійскай прапагандай.
Улічваючы, што беларускі гарадскі клас па-ранейшаму ўспрымае апазіцыйныя рэсурсы як асноўную крыніцу навін, нескладана здагадацца, які эфект аказвае гэтая інфармацыйная напампоўка на грамадскія настроі».
І вось, свежае апытанне «Chatham House» дэманструе, што толькі 3% жыхароў нашай краіны падтрымліваюць уступленне беларускіх войскаў у ваенны канфлікт на баку Расіі. Большасць ставіцца негатыўна да таго, што войска РФ выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для сваіх мэтаў.
«Ваенныя дзеянні на Украіне ў беларускім грамадстве непапулярныя і ўспрымаюцца як "не наша вайна". Беларускі абывацель успрымае тое, што адбываецца ў суседняй краіне,насцярожана, скрозь прызму рызык і пагроз уласнай бяспецы. Адпаведна, і ўдзел беларускіх вайскоўцаў ва ўкраінскай аперацыі быў бы сустрэты негатыўна», — пацвярджае Шымаў.
Падобна да таго, што Лукашэнка пагарачыўся наконт «перахопу парадку дня» дзяржаўнымі СМІ. Незалежныя медыя па-ранейшаму застаюцца ў беларускім грамадстве значна больш уплывовымі, чым прапагандысцкія рэсурсы, будзь то мясцовыя або расійскія.
Паводле «Филина».