Старшыня Рады бяспекі Украіны: Беларускі народ — дружалюбны для нас, у адрозненне ад некаторых палітыкаў

Расія фактычна акупавала Беларусь, але беларускі народ не хоча ваяваць супраць Украіны. Пра гэта сказаў сакратар украінскай Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў у інтэрв'ю ERR.

thumbnail_tw_20220707073445_5145.jpg

«Давайце шчыра скажам, што Беларусь акупаваная Расійскай Федэрацыяй, прычым акупаваная даволі даўно — у эканамічным, палітычным і іншых сэнсах», — сказаў Данілаў.

Ён дадаў, што цяпер Расія выкарыстоўвае Беларусь для сваіх вайсковых мэтаў.

«Мы адсочваем усе гэтыя працэсы. Але мы ўлічваем, што ёсць беларускі народ, які не мае ніякага жадання ваяваць з намі, пра гэта вядома не толькі нам, але і ўсім астатнім, уключаючы Пуціна», — заявіў сакратар РНБА.

Ён падкрэсліў, што Украіна ўважліва сочыць за тым, як Расія выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі.

«Мы вельмі ўважліва сочым за тым, як яны будуць выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю, і ў выпадку неабходнасці намі будуць прынятыя ўсе неабходныя рашэнні, у тым ліку ваеннага характару», — адзначыў Данілаў.

Ён падкрэсліў, што Украіна не нападала і не збіраецца нападаць на Беларусь, а абараняецца.

«Беларускі народ для нас — дружалюбны народ, у адрозненне ад некаторых палітычных дзеячаў», — рэзюмаваў сакратар РНБА.