Кіраўнік РНБА Украіны: Хрэнін і Лапо за два дні да нападу пераконвалі, што нападу з Беларусі не будзе

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і кіраўнік Дзяржпамежкамітэта Анатоль Лапо за два дні да нападу абяцалі ўкраінскім службоўцам, што нападу з боку Беларусі не адбудзецца.

screenshot_1_1_2.jpg


Пра гэта ў інтэрв'ю «Укрінформ» заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў.

«Сапраўды, мы лічылі, што з тэрыторыі Беларусі не будзе таго нападу, які, на жаль, адбыўся. Больш за тое, за два дні да вайны наш міністр абароны размаўляў з міністрам абароны Беларусі. І ён запэўніваў, што ні ў якім выпадку гэтага не адбудзецца. Наш галоўны памежнік за дзень размаўляў з галоўным памежнікам Беларусі. Ён казаў, нават не думайце сабе, што мы будзем у гэтым удзельнічаць, што з нашай тэрыторыі на вас хтосьці пойдзе», — распавёў Данілаў.

Кіраўнік РНБА Украіны таксама пракаментаваў стварэнне ў Беларусі Паўднёвага аператыўнага камандавання:

«Мы разумеем, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, мы сочым за заявамі, якія робіць Лукашэнка, мы аддаем сабе справаздачу ў пагрозе, якая можа існаваць з гэтага боку. На жаль, там, акрамя гэтага рашэння, ужо размешчаны расійскія “Іскандэры”, і ўзровень пагрозы з таго боку нам зразумелы».

Адказваючы на пытанне, ці зможа Украіна трымаць абарону на гэтым кірунку, Данілаў сказаў, што «залежыць ад нашай арміі, ад многіх фактараў».

Раніцай 24 лютага Расія напала на Украіну. Для ваеннага ўварвання выкарыстоўвалася ў тым ліку тэрыторыя нашай краіны, што зрабіла Беларусь саўдзельніцай акта ваеннай агрэсіі. Пры гэтым у папярэднія гады Лукашэнка не раз публічна заяўляў, што ніхто і ніколі з Беларусі не будзе атакаваць Украіну.