Свету пашанцавала: на чале РФ — чалавек, які хоча заваяваць увесь свет, седзячы на залатым унітазе

Цяперашні прэзідэнт Расіі стварыў цудоўна неэфектыўную сістэму. Не ў кожнага б такое атрымалася, піша ў сваёй адметнай манеры аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Акцыя пратэсту ў Чэхіі. Фота з сайта prm.ua

Акцыя пратэсту ў Чэхіі. Фота з сайта prm.ua

Даўно хацеў сказаць адну рэч... Але то выпадку адпаведнага не было, то наадварот — выпадак быў, а я не рашаўся. А цяпер лічу, што вызваленне Херсона — вельмі добрая нагода…

Цяпер шматлікія несвядомыя грамадзяне жадаюць прэзідэнту Расіі нядобрага. Не буду пераказваць. І так ведаеце… Дый маюць на гэта поўнае права.

Аднак жа, з пункту гледжання ўсеагульнага дабра, цяперашняму прэзідэнту Расіі, на самай справе, наадварот трэба жадаць усялякага здароўя. Жадаць, каб ён мацней трымаўся за руль. Каб не падпускаў да гэтага руля нікога нават блізка і бязлітасна біў па гарэзлівых руках, якія да яго пацягнуцца.

Бо калі з цяперашнім прэзідэнтам Расіі здарыцца што-небудзь такое, чаго яму жадаюць, то траваедны тэхнакрат яму на змену не прыйдзе. Ні прэм'ер-міністр, ні кіраўнік Нацбанка. Ні нават эпатажны тэлеграм-блогер, пры ўсёй бязмежнасці яго ўнутранага рускага свету. Я ўжо не кажу пра, даруй Божа, якога-небудзь Навальнага.


Калі заўтра цяперашняга прэзідэнта Расіі адсунуць ад руля, то паслязаўтра за яго ўстане хто-небудзь з яшчэ больш закаламучанымі ўяўленнямі пра веліч рускага свету і спосабы яго дасягнення. Вось кухар з прыватнай арміяй цалкам можа стаць. Або каўказскі князь з яго нукерамі. Ці той, за каго ўпішуцца кухар і князь. І гэты новы рулявы ва ўсякім разе будзе больш эфектыўным за цяперашяга. Проста таму, што цяжка быць менш эфектыўным.

Гэта ж на самай справе вельмі ўдала склалася, што на чале Расіі стаіць чалавек, які сабраўся заваяваць увесь свет, не злазячы з залатога ўнітаза. Было б значна горш, калі б паход за адраджэнне імперскай велічы ўзначаліў які-небудзь Атыла, які не злазіў з сядла баявога каня. Таму што заваёва свету добра спалучаецца з дыскамфортам ваеннага сядла і дрэнна спалучаецца з камфортам залатога ўнітаза.

Дзеля гэтага камфорту, фізічнага і душэўнага, цяперашні прэзідэнт Расіі стварыў цудоўна неэфектыўную сістэму. Не ў кожнага б такое атрымалася. Ну хто яшчэ пачаў бы падрыхтоўку да заваёвы свету з развалу ўласнай арміі? Стварыў дзеля ўласнага душэўнага камфорту такую сістэму татальнай хлусні, калі яму дакладваюць толькі тое, што ён хоча пачуць? Бо толькі дзякуючы гэтай сістэме хлусні расійская армія наступала на Украіну адразу з усіх бакоў і аўтазакамі.

Хто б іншы паверыў, што ў разваленай арміі дастаткова абвясціць мабілізацыю — і гэтая мабілізацыя як-небудзь здарыцца? Хто б іншы стаў урачыста прымаць Херсон у склад Расіі назаўжды, каб аддаць праз сорак дзён? (Часам нават бывае думаеш: «А можа ён гэта ўсё знарок».)


Галоўнае, зразумей мяне правільна. Я не думаю, што новы рулявы зможа дамагчыся лепшых вынікаў у адраджэнні імперскай велічы. Вынік будзе такім жа, як і ў цяперашняга. Бо тут справа не ў рулявым. І нават не толькі ў гістарычных заканамернасцях. А справа ў тым, што цяперашні рулявы — такі ж, як большасць сведак рускага свету. Тых, якія любяць казаць аб імперскай велічы, а мараць, на самай справе, аб залатых унітазах.

Усё пытанне ў цане. І, пагадзіся, што цана ў плюс або мінус сотні тысяч жыццяў мае значэнне. Цяперашні рулявы хацеў бы, вядома, каб гэта быў плюс, а не мінус, але ў яго не атрымліваецца. Таму пажадана, каб у яго хапіла здароўя і магчымасцей прастаяць у руля яшчэ некаторы час. Столькі, колькі трэба, каб у сведак рускага свету не засталося здароўя на паходы па імперскую веліч.