Хуткі мір для Расіі — гэта дэмантаж беларускай дзяржаўнасці
Што здарыцца, калі неўзабаве будзе заключана мірнае пагадненне Украіны з РФ? Чым гэта абернецца для Расіі, Беларусі і наогул усёй Еўропы? Пра гэта разважае ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Павел Усаў.
![dxkuhhhxgaawod4.jpg dxkuhhhxgaawod4.jpg](/img/v1/images/dxkuhhhxgaawod4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мір для Расіі — гэта падрыхтоўка да вайны. На працягу 30 гадоў РФ распачала і ўдзельнічала ў 5 войнах.
Апошнія дні шмат дзе з’яўляецца інфармацыя пра тое, што еўрапейцы і амерыканцы ў асобе дарадцы прэзідэнта Байдэна Салівана прапануюць украінцам «рэалістычна глядзець на свае патрабаванні адносна Расіі». Гаворка відавочна ідзе пра Крым.
То-бок фактычна прапаноўваецца сесці за стол перамоў без нейкіх фундаментальных патрабаванняў да Масквы.
Што гэта азначае, калі перамовы пачнуцца менавіта ў такім палавінным фармаце:
1. Расія не прайграла вайну, унутрана яна будзе існаваць. То-бок неататалітарная сістэма захаваецца і стабілізуецца, яна таксама застанецца закрытай ад вонкавых ідэалагічных уплываў. Не думаю, што ў Крамлі ёсць групы (людзі), якія здольны да перавароту ліберальнага кшталту. Праблема ў тым, што на дадзеным этапе ў расійскага грамадства ёсць попыт на імперыялізм, асабліва ў тых, каго закранула вайна.
2. Унутраныя інфармацыйна-палітычныя адносіны застануцца нязменнымі. Прыніжанае, але агрэсіўнае расійскае грамадства будзе патрабаваць рэваншу. Канешне, будуць знойдзены вінаватыя: агенты Дзярждэпа і ЦРУ ў арміі, палітыцы, спецслужбах, якія прадалі народ і дзяржаву. Пасля гэтага пачнецца вялікая «адбудова», магчыма, з новым, больш моцным «царом». Бо ў Расіі не адбудзецца дэпуцінізацыі, дэімперыалізацыі. Дух рускага свету захаваецца, хутчэй адбудзецца канчатковы дэмантаж рэшткаў дэмакратыі.
![Чым параза Расіі ў Херсоне небяспечная для Беларусі? Каб «выратаваць» Херсон, Пуцін можа кінуць у бой беларускую армію](/img/v1/images/15_main_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
3. Перамовы і «мір без капітуляцыі» ў межах да 24 лютага, напэўна, знізяць санкцыйную нагрузку на Расію, што дасць ёй магчымасць хутка аднавіць страты. Расійская вайсковая і сацыяльная інфраструктура засталася непашкоджанай. Вайна не прынесла вялікіх матэрыяльных страт і не выклікала ўнутранай міграцыі. (Апошняе павінна быць мэтай украінскіх улад і Захаду — стварыць паніку і масавыя ўцёкі ў Маскву або за Урал, каб стварыць дадатковыя кропкі напружання).
4. Захад, які не пацярпеў ад вайны (з новымі палітыкамі і любіцелямі вялікай рускай культуры), вернецца да палітыкі нармалізацыі і прымірэння.
![Свету пашанцавала, на чале РФ Пцуцін, а не Атыла Свету пашанцавала: на чале РФ — чалавек, які хоча заваяваць увесь свет, седзячы на залатым унітазе](/img/v1/images/pucin_6.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
5. Украіна будзе патрабаваць час на адбудаванне, збольшага за еўрапейскія і амерыканскія грошы. Не прайграўшы, Расія не дасць ані капейкі. Працэс уступлення ў НАТА і ЕС зацягнецца, а потым замарозіцца, бо сітуацыя «нармалізуецца», а еўрапейскія грамадствы збольшага пацыфісцкія і сацыялістычныя.
6. РФ будзе працягваць правакаваць крызісы, праблемы ў Еўропе. Верныя саюзнікі ад Папы да Орбана там будуць заўсёды. Ды яны і самі будуць узнікаць, як, напрыклад, Брэксіт, калі Еўропа не здолее перайсці на новы ўзровень цывілізацыйнага развіцця.
![У Беларусі не будзе нават «мінімальнай адлігі», інакш сілавікі скінуць Лукашэнку Павел Усаў: У Беларусі немагчымая нават «мінімальная адліга», інакш сілавікі скінуць Лукашэнку](/img/v1/images/usau_2.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
7. Беларусь застанецца пад кантролем РФ, бо ніхто не змусіць яе адтуль выйсці. Дэмантаж дзяржаўнасці будзе працягвацца, як і мілітарызацыя тэрыторыі.
Такім чынам, першапрычына вайны, нестабільнасці будзе заставацца, і пасля 5–6 гадоў «міру» Расія пачне нейкі новы этап эскалацыі, асабліва калі яны ўжо будуць мець тэрафарміраваную Беларусь і Крым у запасе.