У Рамштайне не ўхвалілі рашэнне пра танкі для Украіны. Але гэта мала што значыць
У Рамштайне не было прынята рашэнне наконт паставак Украіне танкаў. Пра гэта заявіў новы міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус па выніках 8-га пасяджэння кантактнай групы па абароне Украіны ў нямецкім Рамштайне.
Са слоў міністра Барыса Пісторыуса, у антырасійскай кааліцыі няма аднадушнага меркавання — ёсць аргументы «за» пастаўкі і аргументы «супраць», якія агучваюцца рознымі краінамі, паведамляе Укрінформ.
Адначасова ён давёў, што Германія не блакіруе гэта рашэнне, але пакуль працягваюцца дыскусіі, і ў будучыні, магчыма, Украіна ўсё ж такі атрымае танкі «Leopard 2» ад яго краіны. Да таго ж запэўніў, што «Германія не будзе стаяць на шляху партнёраў».
Пісторыус даў зразумець, што Германія правярае магчымасці сваёй прамысловасці, робіць рэвізію на складах Бундэсвера, каб неадкладна адправіць танкі ва Украіну адразу пасля прыняцця адпаведнай палітычнай пастановы. «Гэты дзень можа наступіць», — падарыў надзею Украіне Пісторыус.
Пры гэтым Польшча, Чэхія і Славакія заявілі, што гатовы аддаць Украіне свае танкі «Leopard».
Так, Славакія і Чэхія гатовы аддаць Украіне тыя танкі, што атрымалі ад Германіі. Гаворка ідзе пра амаль 30 адзінак цяжкай тэхнікі. Раней гэтыя краіны ўжо перадалі ўкраінскай арміі танкі савецкай вытворчасці.
«Гаворка ідзе ў цэлым пра 30 танкаў «Leopard», набытых і пастаўленых на захоўванне прамысловасцю пасля спісання са складоў Швейцарыі і Германіі», — адзначае нямецкае выданне «FAZ» са спасылкай на крыніцы ў дыпламатычных колах.
Як вядома, у рамках так званага «кальцавога абмену» Германія замяніла гэтыя савецкія танкі меншай колькасцю сучасных «Leopard 2a4». Паводле дамоўленасці, Берлін павінен быў пастаўляць два танкі на месяц. Першыя адзінкі цяжкай тэхнікі Славакія і Чэхія, верагодна, ужо атрымалі. Падрыхтоўка экіпажа магла пачацца ў снежні.
Акрамя таго, з'явілася інфармацыя, што Нідэрланды гатовы аплаціць танкі «Leopard» для Украіны.
Варшава таксама забраніравала Украіне цэлую роту нямецкіх танкаў, але без палітычнага рашэння Берліна перадаць іх складана. Прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі хоча паставіць Украіне не менш за 100 баявых танкаў. Таксама перадаць нямецкую бранятэхніку хоча і Фінляндыя.
Украінскі палітолаг Алег Панамар пасля рашэння Германіі заявіў: «Незалежна ад Шольца, «Леапарды» будуць ва Украіне».
Панамар нагадаў сваім чытачам, што сёння намеснік міністра замежных спраў Польшчы зноў пацвердзіў словы польскага прэм'ера аб тым, што Польшча і саюзнікі паставяць танкі «Leopard» ва Украіну, незалежна ад таго, ці дасць Шольц рээкспартную ліцэнзію.
Значыць, Польшча гатова да «нестандартных» дзеянняў, калі Германія будзе супраць адпраўкі танкаў «Leopard 2» ва Украіну. Менавіта пра гэта заявіў сёння намеснік міністра замежных спраў Павел Яблонскі прыватнаму радыё «RMF FM».
На пытанне, ці магчымая адпраўка танкаў ва Украіну нават пры супрацьдзеянні Нямеччыне, Яблонскі сказаў: «Я думаю, што, калі будзе моцны супраціў, мы будзем гатовыя распачаць нават такія нестандартныя дзеянні... Але не будзем апярэджваць факты».
Паводле www.unian.net, www.ponomaroleg.com, www.ukrinform.ru