331-ы дзень вайны. Новы Рамштайн і ці чакаць наступу з Беларусі?

Што здарылася за ноч вайны ва Украіне? 

photo_2023_01_17_12_07_23.jpg

У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі з-за расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек, яшчэ трое атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Яраслаў Янушэвіч.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі чацвёра мірных жыхароў — двое ў Дробышаве, па адным у Бахмуце і Максіміліянаўцы. Яшчэ тры чалавекі ў вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Усяго з пачатку поўнамаштабнай вайны з-за расійскай агрэсіі ў Данецкай вобласці загінулі 13 цывільных, яшчэ 2866 чалавек атрымалі раненні. Гэтыя лічбы пазначаныя без уліку ахвяр у Марыупалі і Валнавасе.



За мінулыя суткі Запарожская вобласць падверглася рэкорднай колькасці абстрэлаў.

За 19 студзеня расіяне здзейснілі 224 абстрэлы Запарожскай вобласці. Пра гэта паведамляе кіраўнік Запарожскай адміністрацыі Аляксандр Старух. Ён адзначыў, што РФ нанесла ўдары па 21 населеным пункце. У выніку абстрэлаў зафіксавана 34 разбурэнні грамадзянскіх аб'ектаў. Паводле яго слоў, такая колькасць абстрэлаў за суткі — «рэкордная».

«Жорсткасць захопніка не мае межаў і не перастае жахаць. Варвары прыйшлі ў цывілізаваную краіну — і знішчаюць інфраструктуру, пад пастаяннай пагрозай жыцці мірных украінцаў, якія знаходзяцца на лінію агню», — напісаў ён.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты рускай арміі на раніцу 20 студзеня: асабовага складу —каля 119 300 (+770 за суткі) чалавек.

photo_2023_01_20_10_23_54.jpg

Руская армія асноўныя намаганні засяроджвае на вядзенні наступу на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках. На Купянскім, Ліманскім, Навапаўлаўскім і Херсонскім — абараняецца, паведаміў украінскі Генштаб ў ранішняй зводцы.

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае і Белагораўка Луганскай вобласці; Верхнекаменскае, Краснапалёўка, Саледар, Чырвоная Гара, Параскавееўка, Бахмут, Іванаўскае, Дыліеўка, Вадзяное, Мар'інка, Пабеда, Навасёлка Данецкай вобласці і Малая Такмачка і Стэпавае Запарожскай вобласці.

У Крыме Расія рыхтуецца да прыхаванай мабілізацыі. У прыватнасці, у Севастопалі выклікі ў ваенныя камісарыяты пачалі паступаць IT-спецыялістам, фінансавым работнікам і іншым спецыялістам, у якіх была бронь ад мабілізацыі.

Брытанская выведка паведамляе, што ПВК Вагнер мае да 50 тысяч баевікоў, якія былі задзейнічаныя ў вайне ва Украіне, і такім чынам стала ключавым кампанентам вайсковай кампаніі РФ. Аналітыкі адзначаюць, што нядаўняя рэгістрацыя групы “Вагнера” ў расійскім Адзіным дзяржаўным рэестры, верагодна, павінна максімізаваць камерцыйную выгаду Прыгожына і ў далейшым легітымізаваць арганізацыю, якая да гэтага знаходзілася ў ценю.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што наступ Расіі з Беларусі можа быць больш верагодным у канцы 2023 года. Высокапастаўленыя службовыя асобы Крамля працягваюць праводзіць сустрэчы на высокім узроўні з беларускім кіраўніцтвам, што можа ствараць умовы для нападу Расіі на Украіну з тэрыторыі Беларусі, хоць гэта здарыцца не абавязкова і не ў бліжэйшыя тыдні, адзначаюць эксперты. 

У Еўрасаюзе заявілі, што фактычны ўгон Расіяй каля 50 аўтамабіляў АБСЕ — непрымальны, і запатрабавалі вярнуць маёмасць. Пра гэта гаворыцца ў заяве ЕС, якая была абвешчана падчас пасяджэння Пастаяннай рады АБСЕ ў Вене. Таксама ЕС патрабуе адпусціць траіх сваіх супрацоўнікаў, якіх Расія з красавіка ўтрымлівае паводле сумніўных абвінавачванняў.

Кіраўнік ЦРУ Уільям Бернс на мінулым тыдні таемна наведаў Кіеў, каб сустрэцца з Зяленскім і праінфармаваць яго пра свае прагнозы наконт вайсковых планаў Расіі, піша The Washington Post са спасылкай на крыніцы.

ЗША абвясцілі аб выдзяленні Украіне новага пакета ваеннай дапамогі на 2,5 мільярда долараў. У рамках траншу Вашынгтон перадасць Кіеву 59 БМП Bradley і 90 браніраваных машын Stryker. Акрамя гэтага, у новы пакет увойдуць боепрыпасы для зенітнага ракетнага комплексу NASAMS і сістэмы супрацьпаветранай абароны Avenge.

У вячэрнім відэазвароце Уладзімір Зяленскі паведаміў, што кааліцыя партнёраў па перадачы танкаў Украіне ўжо сфарміраваная: «Цяпер мы чакаем рашэння фактычна з адной еўрапейскай сталіцы, якое актывізуе падрыхтаваныя ланцужкі супрацоўніцтва па танках. Веру, што сіла нямецкага лідарства застанецца нязменнай».

Таксама ўкраінскі прэзідэнт адзначыў, што краіна рыхтуецца да Рамштайна 20 студзеня: «Чакаем моцных рашэнняў. І чакаем магутны пакет ваеннай падтрымкі ад Злучаных Штатаў».

Дзевяць краін Еўропы ў чацвер, 19 студзеня, падпісалі Талінскую дэкларацыю, дзе ўтрымліваецца абавязацельства аб маштабнай вайсковай дапамозе Украіне. У беспрэцэдэнтны пакет увойдуць танкі, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі і ракеты Brimstone.

Паводле korrespondent.net, Украінскай службы РБК, www.ukrinform.ua, www.pravda.com.ua, сацсетак