Расія можа напасці на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Але не цяпер

РФ можа зладзіць наступ на Кіеў з беларускай тэрыторыі ў канцы 2023 года, лічаць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Але ў вядомага польскага генерала — іншае меркаванне наконт таго, як і калі здарыцца новае наступленне Расіі.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што гэтай зімой і вясной нападу з Беларусі, хутчэй за ўсё, не здарыцца. Такі прагноз робіцца з улікам цяперашняй актыўнасці расійскіх сіл у Беларусі.

Пры гэтым крамлёўскія чыноўнікі рэгулярна сустракаюцца з высокапастаўленымі беларускімі калегамі, што можа сведчыць пра падрыхтоўку нападу, адзначаецца ў зводцы ISW.

У ISW звяртаюць увагу, што да восені 2023 года Расія прызаве новых салдат на тэрміновую службу і, магчыма, мабілізуе новых рэзервістаў, а таксама правядзе сумесныя з Беларуссю вучэнні ды падрыхтуе вайсковую прамысловасць.

Зрэшты, польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак у каментары ВВС лічыць, што Расія збіраецца напасці на Украіну са сваёй тэрыторыі, а беларускі кірунак будзе толькі адцягваць увагу.

Вальдэмар Скшыпчак — адзін з тых польскіх вайсковых экспертаў, якія рэгулярна тлумачаць грамадскасці і палітыкам сутнасць таго, што адбываецца на палях бітваў ва Украіне. Цяпер генерал заклікае максімальна падтрымаць Украіну: на яго думку, набліжаецца вырашальны і, магчыма, пераломны момант у вайне. Наступ РФ можа здарыцца неўзабаве — у канцы зімы і пачатку вясны.

— Пасля таго як расіяне прайгралі бітвы вясной і летам, яны вывелі і папоўнілі войскі ў раёне Бранска, Курска і Варонежа. Пачынаючы з кастрычніка, яны аднаўлялі там свае сілы. Для гэтага яны праводзяць вялікую мабілізацыю. І хоць яна ў іх ідзе даволі хаатычна, у іх ёсць рэзерв у 1,2 мільёна чалавек. З іх 300 тысяч ужо мабілізаваных праходзяць адпаведную падрыхтоўку. Большая частка гэтых сіл зараз сканцэнтраваная менавіта ў раёне Варонежа, Курска, Бранска.

Я лічу, што Расія можа ўдарыць па Украіне з гэтага кірунку і адтуль рухацца на поўдзень, на захад ад Харкава, уздоўж ракі Ворскла, якая ўпадае ў Дняпро. Па гэтым сцэнары пад ударам аказваюцца Палтава і [горад] Днепр.

Яны могуць паспрабаваць аб'яднаць свае сілы з гэтага кірунку з тымі, што цяпер ваююць на ўсходзе ў раёне Бахмута і Саледара.

Хтосьці лічыць, што расіяне зноў пойдуць на Кіеў. Пуцін сапраўды хацеў захапіць украінскую сталіцу і пасадзіць там свайго намесніка. Але ў яго не атрымалася. У гэтым сэнсе ён ужо прайграў гэтую вайну. Пуцін не зможа правіць украінскім народам. Пасля ўсяго, што здарылася, гэты народ зненавідзеў Расію. Украінцы перажылі Бучу, Ірпень — а колькі яшчэ ёсць месцаў, дзе расійскія салдаты забівалі ўкраінцаў, але пра гэтыя злачынствы яшчэ не вядома?

На мой погляд, Пуцін цяпер вымушаны перайсці да стратэгіі малых крокаў. Ён ужываў яе ў 2014-м, калі захапіў Луганск і Данецк. Спроба акупаваць усю краіну правалілася. Далей, хутчэй за ўсё, яго мэтай будзе частка Харкаўскай вобласці, Луганская, Данецкая, Запарожская і Херсонская вобласці. Ці атрымаецца яму гэта зрабіць, залежыць ад вас і ад нас, Захаду. Мы павінны зрабіць усё, каб Украіна магла і далей даваць адпор расійскай агрэсіі і вызваляць свае тэрыторыі. Ключ да перамогі Украіны — у руках Захаду.

На пытанне пра тое, ці будзе новы магчымы наступ неяк істотна адрознівацца ад таго, з якога пачалося адкрытае расійскае ўварванне ў мінулым годзе, генерал адказаў так: “У лютым і вясной 2022 года ў расіян не было перавагі, якая дазволіла б ім хутка выйграць вайну. Цяпер яны спрабуюць яе забяспечыць. Яны зразумелі, што калі ў іх не будзе перавагі ў 5-6 разоў, то яны ва ўкраінцаў не выйграюць”.