УСУ: Беларускія вайскоўцы звязваюцца з Украінай з просьбай узяць іх у палон у выпадку вайны
Ва Украіне дагэтуль існуе рызыка далучэння Беларусі да расійскага наступу на тэрыторыі Украіны. Беларускія вайскоўцы ўжо пачалі звязвацца з прадстаўнікамі ўкраінскай улады з просьбай узяць іх у палон у выпадку вайны.
Пра гэта заявіў прэс-афіцэр камандавання Сухапутных войскаў УСУ Уладзімір Фіцьё ў эфіры «UA:разам», піша РБК-Украіна.
«Мы ўсе бачым, што ўкраінскія ўзброеныя сілы гатовыя да любога ходу падзей, і ворагу на тэрыторыі Украіны проста няма чаго рабіць. Беларускія вайскоўцы пра гэта выдатна ведаюць. Яны спрабуюць звязвацца з нашымі прадстаўнікамі ўлады і будуць папярэджваць, што ў выпадку вылазкі да нас яны будуць адразу здавацца ў палон», — заявіў Фіцьё.
Нагадаем, пра мажлівы ўдзел беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны гаворыцца ўсё часцей. Існуюць думкі, што Лукашэнка абяцаў гэта Пуціну, але падмануў яго, і цяпер Пуцін рыхтуе ў Беларусі ваенны пераварот.