1968 крон: у гадавіну савецкага ўварвання чэхі падтрымліваюць Украіну пераводамі
Сёння Чэхія адзначае гадавіну савецкага ўварвання ў Чэхаславакію, якое спрабавала падавіць «Пражскую вясну». У сувязі з гэтай сумнай датай чэхі дасылаюць Узброеным сілам Украіны пераводамі 1968 крон.
Грамадзяне Чэхіі пералічваюць на дапамогу Украіне сумы ў 1968 крон, нагадваючы такім чынам аб уварванні войскаў СССР на тэрыторыю Чэхаславакіі ў 1968 годзе.
Пра гэта паведаміла Пасольства Украіны ў Чэхіі на старонцы ў Фэйсбуку.
«У гэтыя дні на дабрачынны рахунак амбасады на падтрымку ўкраінскай арміі (https://supportukraine.cz/) паступаюць дзясяткі плацяжоў ад чэшскіх сяброў на суму 1968. Шчыра дзякуем!» — гаворыцца ў паведамленні.
У пасольстве адзначылі, што сёння ў Празе адбудзецца дабрачынны канцэрт пад назвай NeverMore'68, які правядзе паралель паміж акупацыяй Чэхаславакіі ў жніўні 1968 года і расійскім уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе.
Нагадаем, Чэхія ўваходзіць у шэраг краін, якія настойваюць на тым, што аб'яднаная Еўропа мусіць забараніць расіянам уезд на сваю тэрыторыю і перастаць выдаваць ім шэнгенскія візы. У траўні сенат краіны прызнаў генацыдам ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне. Чэхія была першай краінай, якая паставіла Украіне цяжкую зброю.