Крыніцы: Беларуская чыгунка рыхтуецца да прыёму расійскіх вайсковых эшалонаў
Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў паведамляе, што пасля абвяшчэння ў Расіі мабілізацыі ў краіну могуць накіраваць вайсковыя эшалоны з Расіі. Імаверна, для наступнага ўдзелу ў вайне супраць Украіны, альбо каб выклікаць адваротную канцэнтрацыю падраздзяленняў УСУ каля ўкраінска-беларускай мяжы. Пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.
Паведамляецца, што на дадзены момант вядзецца прапрацоўка мерапрыемстваў па падрыхтоўцы станцый для прыбыцця расійскіх вайсковых эшалонаў, забеспячэнні шляхоў рухомым саставам, арганізацыі руху воінскіх эшалонаў і манеўранай працы на станцыях і гэтак далей.
Асноўнымі памежнымі пераходамі, па якіх чакаецца
прыём у Беларусь расійскіх эшалонаў, называюцца:
1. Краснае (МСК РЖД) — Асінаўка (БЧ НАД-1);
2. Злынка (МСК РЖД) — Закапыцце (БЧ НАД-4);
3. Завярэжжа (ОКТ РЖД) — Езярышча (БЧ НАД-6).
Нагадаем, што ўжо другі дзень Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ў Сочы, дзе сустракаецца з Уладзімірам Пуціным. Пра змест сённяшніх перамоў аніякай інфармацыі па стане на 16.00 няма.
Верагоднасць выкарыстання беларускай чыгуначнай інфраструктуры расійскай арміяй існуе. Па-першае, ад 24 лютага расійцы пачуваюцца ў Беларусі як дома і розным чынам атакуюць Украіну менавіта з Беларусі. Па-другое, абвяшчэнне Пуціным мабілізацыі і правядзенне «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны намякае на тое, што свой крок да далейшай эскалацыі зробіць і афіцыйны Мінск. Па-трэцяе, ступень залежнасці Лукашэнкі ад Крамля (палітычный, эканамічнай і іншай) дасягнула чырвонага ўзроўню, калі васал мусіць цалкам падпарадкоўвацца сюзерэну.