Лукашэнка падтрымаў Расію ў вайне з Украінай, бо пакрыўдзіўся на санкцыі
Лукашэнка падчас наведвання сельгасфіліяла «Мінаблаграсервіса» патлумачыў сваю падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны. З яго слоў вынікае, што ён крыўдаваў на Кіеў праз санкцыі і закрыццё неба для «Белавія» ў 2021 годзе.
«Вось, мы на Лукашэнку маліліся... а вось як ён мог паступіць?! Мяне ж там як агрэсара падаюць ва Украіне. А я так рэзка рэагую: а як вы маглі абвясціць нам эканамічную вайну пры нашай пазіцыі тагачаснай, да вайны? Мы ж праводзілі дружалюбную, міралюбную пазіцыю. Мы ж украінцаў падтрымлівалі, дзе толькі маглі. Яны супраць нас эканамічныя санкцыі ўвялі, закрылі неба і іншае. І пачалі нас дзяўбаць па ўказцы амерыканцаў. А цяпер закрычалі: “Вось, мы на Лукашэнку маліліся, а як ён мог паступіць?!” Дык вы паглядзіце, як вы паступілі да гэтай расійскай ваеннай аперацыі. Так у мяне яшчэ хапае цярпення, яшчэ чагосьці...», — распавёў Лукашэнка аб сваіх эмоцыях, перадае REFORM.by са спасылкай на яго прэс-службу.
Ён пры гэтым падкрэсліў, што ў Беларусь пастаянна прыязджаюць грамадзяне Украіны, а іх тут не забіваюць.
«Мы іх не забіваем і не закопваем, як палякі калісьці забівалі і закопвалі на мяжы людзей. Мы іх кормім, мы іх лечым і многім даём грамадзянства, працу. Але некаторыя вяртаюцца назад. Праз суткі прыходзяць зноў нешта купіць, папрасіць. Мы іх кормім. Гэта нашы людзі», — не прамінуў Лукашэнка паўтарыць фэйк сваёй прапаганды пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы.
Варта адзначыць, што Украіна не далучылася да некаторых пакетаў санкцый у дачыненні да Беларусі, якія былі ўведзеныя ЕС і ЗША цягам 2020 — 2021 гадоў. Больш за тое, экспарт беларускай прадукцыі ва Украіну ў 2021 годзе, паводле Белстата, вырас на 67 (!) адсоткаў, гэта значыць на дзве траціны. Беларусь цягам «санкцыйнага» 2021 года атрымала ад экспарту ва Украіну амаль 5 млрд долараў.
Адразу пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіну беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, (нагадаем, нафтапрадукты ўваходзяць у санкцыі ЗША і ЕС) пачалі выпрабоўваць складанасці са збытам і значна скарацілі нафтаперапрацоўку, а ва Украіне былі арыштаваныя тысячы беларускіх вагонаў, што з'яўляецца пацвярджэннем цесных гандлёвых сувязяў паміж дзвюма краінамі ў «санкцыйны» перыяд.