Беларускія НПЗ скарацілі перапрацоўку на 50%. Далей будзе горш

Чаму бензін у Беларусі працягвае даражаць? Што цяпер з беларускай нафтаперапрацоўкай?

0490947670.jpg

Санкцыі і адсутнасць ранейшых экспартных рынкаў, найперш украінскага, адбіваецца на працы беларускіх НПЗ.

Апошнія гады абодва заводы ("Нафтан" і Мазырскі НПЗ) перапрацоўвалі прыкладна 18 млн тон нафты на год. Але нядаўна прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што з-за санкцый беларускія НПЗ скарацілі перапрацоўку ў два разы.

"Думаю, далей будзе толькі горш. Калі толькі Беларусь не знойдзе спосабы неяк абыходзіць санкцыі, напрыклад, прамаркіруючы нафтапрадукты як не беларускія", — кажа кіраўніца Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова ў каментары нямецкаму радыё DW.

Экспертка адзначыла, што ўжо відаць зніжэнне рэальных заробкаў на НПЗ. "Вядома, не такое крытычнае, як у хімічнай галіне, — на 40%, але ўжо бачым мінус 10%. Наконт прыбытковасці НПЗ дакладных дадзеных няма, але можна здагадвацца — відаць, што рэнтабельнасць гэтых прадпрыемстваў падае, і, хутчэй за ўсё, яны працуюць у страту", — адзначае Барнукова.

Да таго ж страта Украіны асабліва адбілася на Мазырскім НПЗ, які працаваў, у першую чаргу, на гэты рынак: "Яшчэ ў сакавіку завод спыніўся на капітальны рамонт, які звычайна доўжыцца месяц. А цяпер была інфармацыя, што рамонт плануюць працягваць да канца верасня". Акрамя таго, як кажа экспертка, па ўскосных даных можна здагадвацца, што ў НПЗ павялічылася крэдытная нагрузка.

Чаму бензін у Беларусі працягвае даражаць?

І эксперты, і сам урад адзначаюць, што цяпер нафтаперапрацоўчая галіна, у першую чаргу, працуе на ўнутраны рынак, які ацэньваецца ў 5–6 млн тон штогод. Зрэшты, нягледзячы на гэта, цэны на паліва ў Беларусі працягваюць расці — за год іх ужо павышалі 20 разоў.

Эксперты па энергетыцы звязваюць гэта з крэдытнымі запазычанасцямі і адсутнасцю экспарту: "Рашэнне гэтых праблем улады спрабуюць перакласці не толькі на заводы, але і на спажыўца. Але тым не менш, кошт паліва застаецца нізкім у параўнанні з еўрапейскімі дзяржавамі". Зрэшты, і беларускія заробкі цяжка параўнаць з еўрапейскімі.