Прэс-сакратар Чэрачня пацвердзіў, што подпісаў здалі менш, чым зарэгістравала ЦВК

За вылучэнне ў кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду Сяргея Чэрачня ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі здалі каля 106 тысяч подпісаў. Атрымліваецца, ЦВК залічыў 135% ад пададзеных 106 тысяч, паведамяле «Свабода».

02df1579_181b_49fd_88d3_29b47606e06f_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg


Гэта пацвердзіў агенцтву БелаПАН прэсавы сакратар прэтэндэнта Алег Чумакоў.

30 чэрвеня ў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) заявілі пра рэгістрацыю 143 тысяч подпісаў за Чэрачня. На просьбу ўдакладніць прычыну гэтага разыходжання ў лічбах Чумакоў адказаў: «Гэта ўжо не да нас пытанне».

На дадатковае пытанне, ці плануе каманда Чэрачня звярнуць увагу ЦВК на неадпаведнасць у лічбах, Чумакоў задаў сустрэчнае пытанне: «Калі ЦВК звяртала ўвагу на рэакцыю ўдзельнікаў працэсу?»

Другая прэтэндэнтка Ганна Канапацкая заяўляла пры падачы дакументаў, што яе каманда сабрала «крыху больш за 110 тысяч подпісаў», а ў ЦВК прызналі сапраўднымі 146 тысяч. І гэта ўлічваючы, што некаторыя камісіі адсеялі частку подпісаў на этапе праверкі.

Канапацкая не стала каментаваць сітуацыю Свабодзе. Паводле ЦВК, у Ганны Канапацкай у рэгіёнах 35 тысяч сапраўдных подпісаў. Прычым раней паведамлялі, што за яе паступіла крыху больш за 20 тысяч.

У каментары Tut.by Канапацкая сказала, што 110 тысяч подпісаў, якія яна агучыла ў размове з журналістамі, гэта толькі здадзеныя «ўласнаручна». Маўляў, насамрэч яе каманда сабрала значна больш.

Андрэй Дзмітрыеў таксама сказаў Tut.by, што яго каманда сабрала болей за 107 тысяч подпісаў, пра якія ён паведаміў журналістам.

 

Што кажуць у ЦВК

У Цэнтральнай выбарчай камісіі патлумачылі такое несупадзенне «магчымымі дадатковымі подпісамі».

«Да тых лічбаў, якія называлі журналістам Канапацкая, Чэрачань і Дзмітрыеў, Цэнтральная камісія не мае дачынення. Гэта казалі прэтэндэнты на этапе збору подпісаў, цалкам магчыма, што яны подпісы яшчэ здавалі дадаткова. Тыя лічбы, якія пазначаны на сайце ЦВК, атрымалі пасля праверкі. Тое, што заяўлялі прэтэндэнты — тут трэба глядзець дату, калі яны гэта казалі», — сказаў Tut.by намеснік загадчыка аддзелу прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК Іван Толкач.

Паводле ЦВК, шэсць прэтэндэнтаў сабралі неабходную колькасць подпісаў:

Аляксандр Лукашэнка — 1 939 572: залічылі 97% ад пададзеных 2 млн подпісаў

Віктар Бабарыка — 165 744: залічылі 45% ад пададзеных 365 тысяч

Ганна Канапацкая — 146 588: залічылі 133% ад пададзеных 110 тысяч

Сяргей Чэрачань — 143 109: залічылі 135% ад пададзеных 106 тысяч

Андрэй Дзмітрыеў — 106 841 (падаў «105–107 тысяч»)

Святлана Ціханоўская — 104 757: залічылі 95% ад пададзеных 110 тысяч​

У Валерыя Цапкалы, паводле ЦВК, сапраўдных толькі 75 249 подпісаў: залічылі 37,6% ад пададзеных 200 тысяч. Такім чынам, ён не зможа стаць кандыдатам.

Подпісы за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу масава прызнавалі несапраўднымі ў менскіх і раённых камісіях.