У штабе Валерыя Цапкалы пераправяраюць подпісы і спадзяюцца на яго рэгістрацыю

Кіраўнік прэс-службы штаба Аляксей Урбан расказаў БелаПАН, што члены штаба правяраюць подпісы, якія былі прызнаныя несапраўднымі.

Валерый Цапкала

Валерый Цапкала

«Я маю права меркаваць, што частку подпісаў нам удасца адстаяць. Я б прасіў не забываць, што ў нас было ў рэзерве 50 тысяч нездадзеных подпісаў. Мы таксама гэтым рэзервам можам карыстацца», — адзначыў Урбан.
Паводле яго слоў, праца актывістаў штаба ідзе амаль кругласутачна. «Хлопцы пераглядаюць, пераправяраюць кожны подпіс, каб да панядзелка (13 ліпеня. - БелаПАН) усе подпісы былі правераныя, пераправерылі і даздаць ... Кіраўніку штаба удаецца знаходзіць разуменне ў Цэнтрвыбаркаме. Мы настроены на тое, каб, нягледзячы ні на што, гэты працэс быў у рамках закона і справядлівасці», — заявіў Урбан.
У штаба застаецца надзея, што гэтыя «рэзервовыя» подпісы могуць разгледзець у ЦВК. «Задача не ісці на канфрантацыю з Цэнтравыбаркамам, а разумець, што ў кожнага чалавека бывае права на памылку. Мы вельмі разлічваем на тое, што ў тэрытарыяльных камісіях недаглядзелі, перастараліся і ўсё-ткі ў панядзелак-аўторак будзе прынята ўзважанае рашэнне, справядлівае. У нас ёсць надзея, што мы пройдзем у наступны тур. Дзень і ноч мы над гэтым працуем», — растлумачыў Урбан.
Сяргей Лаўрэнкін з каманды Цапкалы напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што 80 тысяч подпісаў не прынялі з-за таго, што дата была пастаўлена «не той рукой».
Урбан пракаментаваў, што сапраўды адной з названых прычын адхілення подпісаў стала тое, што дату ставіў прадстаўнік ініцыятыўнай групы, а не чалавек, які пакідаў подпіс.
«Я вельмі спадзяюся, калі эмоцыі ўлягуцца, нам удасца знайсці разумны кансэнсус у Цэнтрвыбаркаме. Эмоцыі эмоцыямі, а справа і разумны дыялог перш за ўсё. Мы вельмі стараемся пазбегнуць залішне рэзкіх заяваў. Людзі ёсць людзі. Калі нават гэтых людзей увесь час лаяць ці шукаць несастыкоўкі ў іх працы і памылкі ... Можа, дзесьці паспяшаліся, дзесьці перастараліся і зрабілі не тое, што трэба. У любым выпадку, даваць ім магчымасць спакойна выслухаць наш пункт гледжання і зразумець яго», — адзначыў Урбан.
Таксама ён нагадаў, што штаб Цапкала запусціў праграму «Абарані свой голас», калі людзі маюць магчымасць пацвердзіць свае подпісы праз электронную форму.
Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты падалі сем грамадзян, у тым ліку экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій, былы чыноўнік і дыпламат Валерый Цапкала. Аднак яго могуць не зарэгістраваць, паколькі тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прызналі сапраўднымі толькі 75 тысяч подпісаў грамадзян за яго вылучэнне пры неабходных 100 тысячах.
Каманда Цапкалы мае намер абскардзіць адбракоўкі каля 80 тысяч подпісаў, каб працягнуць далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі.
Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты праходзіць з 5 па 14 ліпеня. Выбары прызначаны на 9 жніўня.
tut.by