Ва Украіне прапануюць забараніць ўвоз і продаж кніг з Беларусі і Расіі. Забарона не закране толькі класікаў

Больш за 50 народных дэпутатаў Украіны прапануюць забараніць ўвоз і продаж кніг з Беларусі, Расіі і з акупаваных тэрыторый, каб пазбавіцца ўплыву «рускага свету» на ўкраінскі кніжны рынак. Пра гэта народны дэпутат Украіны, гісторык Уладзімір Вятровіч паведаміў у сябе ў Facebook.

76_main_v1603437900.jpg


У Вярхоўнай Радзе Украіны 13 чэрвеня зарэгістраваны законапраект аб забароне імпарту кніг з Расіі і Беларусі і спыненні продажу расійскіх друкаваных выданняў. Дэпутат адзначыў, што мэта гэтага дакумента — перакрыць уплыў «рускага свету» на ўкраінскую кнігавыдавецкую справу як звонку, так і ўнутры краіны.
Законапраект прадугледжвае забарону імпарту кніг з Расіі і Беларусі, спыненне продажу раней увезеных расійскіх кніг, амаль поўную забарону на друк і ўвоз твораў грамадзян Расійскай Федэрацыі. Дэпутат удакладніў, што «гаворка ідзе менавіта пра грамадзян РФ, а не пра "мёртвых расійцаў" накшталт Пушкіна з Дастаеўскім».
Ён дадаў, што іншая важная норма законапраекта прадугледжвае, што кнігі ва Украіне павінны выдавацца на ўкраінскай мове, мовах краін ЕС і карэнных народаў Украіны. Паводле слоў Вятровіча, на іншых мовах (у тым ліку на рускай) могуць друкавацца арыгінальныя творы, але не пераклады.
— Гэтая норма заблакуе планы «рускага свету» захапіць наш кніжны рынак знутры. Сусветная літаратура, уключаючы папулярныя кніжныя навінкі, будзе звяртацца да нашых чытачоў на ўкраінскай мове або мовах арыгінала, — адзначыў ён.
Яшчэ адзін са складальнікаў дакумента: народная дэпутатка, сябра партыі «Слуга народа» Яўгенія Краўчук дадала, што нельга будзе выдаваць, увозіць, распаўсюджваць кнігі, надрукаваныя ў Расіі, Беларусі ці на акупаваных тэрыторыях, але гэта не тычыцца літаратуры, выдадзенай у часы СССР або раней.
Суаўтарамі законапраекта сталі больш за 50 дэпутатаў з розных фракцый, у тым ліку старшыня Вярхоўнай рады і яго намеснікі.
Нагадаем, раней у Міністэрстве адукацыі Украіны заявілі, што з 1 верасня ва ўкраінскіх школах не будуць вывучаць раман Льва Талстога «Вайна і мір», а таксама іншыя творы літаратуры «якія "апяваюць" расійскае войска».