Беларускі бунт абмеркавалі ў Варшаве

  З 8 па 10 сакавіка ва Універсітэце імя Лазарскага ў Варшаве адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя з рамантычнай і правакацыйнай назвай "Бунт у імя свабоды — забыты ген беларусаў?". У ёй прынялі удзел даследчыкі, журналісты і грамадскія дзеячы з Беларусі, Польшчы, Венгрыі, Францыі, ЗША, Ізраіля, Нігерыі.  


Канферэнцыя была арганізаваная Інстытутам грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі Універсітэта Лазарскага. 
Удзельнікаў канферэнцыі віталі дырэктар інстытута Грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі Ежы Стэмпень, прэзідэнт Універсітэта Лазарскага Юліюш Мадэй, віцэ-міністр МЗС Польшчы Ежы Памяноўскі, старшыня Беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра Аляксандр Бракель .
Пасля ўрачыстага адкрыцця канферэнцыі філосафу Валеру Булгакаву была ўручана прэмія імя Алеся Адамовіча. 
Падчас канферэнцыі працавалі секцыі "Гісторыя — настаўніца жыцця ў свабодзе", "Культура смяецца з палітыкі", “Нацыяналізм: вораг ці хаўруснік грамадзянскай супольнасці?”, “Не чапай мяне, я – грамадзянін Беларусі”.
"Гістарычная частка канферэнцыі была прысвечана праблеме бунта ў шырокім разуменні. Гаворка ішла фактычна пра нанканфармізм. Дакладчыкі як раз спрабавалі паказаць такі бунт, які іншым разам каштаваў жыцця альбо кар'еры чалавека, але аказаўся непрыкметным для нашчадкаў", — падкрэсліў гісторык інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук Аляксандр Смалянчук
Вядомы гісторык Захар Шыбека падзяліўся сваімі ўражаннямі ад канферэнцыі:
"Я рэгулярна ўдзельнічаю ў такіх формах. Яны вызначаюцца тым, што робіцца пэўны накірунак, адбываецца своеасаблівая разумовая атака з удзелам не толькі гісторыкаў, але і іншых гуманітарыяў, беларусістаў, прычым не толькі з Беларусі, але з усяго свету. Гэта ўсё даводзіцца да лагічнага канца".
"Дыскусія ва універсітэце Лазарскага накіраваная на стварэнне грамадзянскай супольнасці. Вельмі цешуся, што гэтыя сустрэчы сталіся элементам традыцыі. Беларускія інтэлектуальныя эліты прызвычаіліся штогод прыязджаць у Лазарскі, заставацца тут на тры дні і дыскутаваць аб важнейшых справах Беларусі", — сказаў прэзідэнт універсітэта Юліюш Мадэй.