Штурм гары Гедыміна. НГ на Кафедральнай плошчы Вільні

Роўна аб адзінаццатай вечара па літоўскім часе недзе паблізу грымнула два салюты. Гэты сціплы феерверк значна саступаў па інтэнсіўнасці залпу ў 22:00, які звеставаў наступленне Новага года ў Маскве, але безумоўна сведчыў: беларусы Вільні не спяць.

Высакосны 2012 год апошні раз нагадаў пра сябе 31 снежня. У ноч напярэдадні з нашай машыны, прыпаркаванай у нецэнтральным, але ў меру рэспектабельным раёне Вільні, звінцілі магнітолу. Зламыснікі верна ўсё пралічылі. Машыны з беларускімі нумарамі карыстаюцца папулярнасцю ў злодзеяў Літвы: дзякуючы "аператыўнасці"  Lietuvos policija, ды яшчэ ў святы, шэнген залётнага беларуса, як правіла, сканчаецца раней за раследаванне крадзяжу. Многія, як і мы, махаюць рукою на тое, што сталася. З вышыні свайго сумнага досведу суайчыннікам, што выбраліся ў суседнюю краіну на аўто, настойліва рэкамендуем платныя паркоўкі.

Такім чынам, перадсвяточныя раз’езды па гіпермаркетах азмрочыліся вахтай каля безваконнага джыпа і выграбаннем драбкоў шкла з салону, але мы неяк далі сабе рады да часу, калі на расійскіх каналах запусцілі трансляцыю Уладзіміра Пуціна. Праводзіўшы непрыветны стары год і памянуўшы магнітолу (з ДВД-плэерам!), мы ўзяліся за свой план — сустрэць новы 2013 год на гары Гедыміна.

Віленчукі кляліся, што ў святы грамадскі транспарт ходзіць “вельмі позна" — да 12-й ночы. Заскочыўшы ў тралейбус, поўны моладзі ў чырвоных шапачках, мы выправіліся ў centras.

Як і ўсе прыстойныя каталікі, літоўцы лічаць сямейным святам Раство. А вось Новы год — час для сяброў, калег і ўсялякага тусавання. Таму ў старой Вільні было даволі ажыўлена — хоць улады гораду не падрыхтавалі начной праграмы для “жыхароў і гасцей сталіцы":

13(2).jpg

Усе святы — да 14 студзеня ў горадзе працуе калядны маршрут, які пралягае ад Кафедральнай плошчы да гарадской ратушы па вуліцах Пілес і Дзіджой, аформлены проста, але з густам — у найлепшых традыцыях Прыбалтыкі:

14(1).jpg

За паўгадзіны да 2013 года тут гулялі людзі самага рознага веку — ад моладзі і бацькоў з малымі децьмі да пажылых параў. У вокнах кавярань і клубаў можна было пабачыць парадна ўбраных людзей, што акупавалі ўсе столікі.

Спачатку навагодняя ноч спужала нас сваім надвор’ем — мы рызыкавалі прамокнуць, а нашыя бенгальскія агні — не загарэцца:

18(1).jpg

Але бліжэй да поўначы дождж перастаў. Поўныя энтузіязму, мы пашыбавалі ў бок Замкавай гары, каб адкаркаваць шампанскае ля вежы Гедыміна. І не мы адны — туды ж сцягваліся рашуча настроеныя купкі моладзі але, на жаль, усе подступы да сімвала Вільні былі перагароджаныя кратамі. Відаць, яно і да лепшага — падагрэтая шампанскім сціжма на верхатуры — не найлепшы сцэнар свята. Некаторыя кампаніі палезлі браць гару штурмам, але ўся яна была пакрытая галалёдам, і адчайныя малыя банальна спаўзалі з ільдзянога схілу на пузе.

Заставалася вярнуцца да галоўнай ялінкі Вільні ля  Кафедральнага сабора:

15.jpg

І тут жа трапіць пад артабстрэл:

12.jpg

Па шчырасці, ніколі не даводзілася сустракаць новы год на вуліцы — без тэлевізара або хоць бы радыё. Было займальна назіраць за тым, як сума высілкаў соцень чалавек стварае нейкае хаатычнае супольнае дзейства. Не было ніякага адліку і нават відэатрансляцыі на які-небудзь экран спадарыні прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ. Наступленне 2013-га людзі вызначылі па персанальных гадзінніках, адказаўшы на гэта залпам феерверкаў. На святочны салют мэрыя не патраціла ні літа: зарады пулялі проста з натоўпу, некаторыя — пад небяспечным вуглом. Праехала пара машын хуткай.

Хвілін 5–10 панаваў неверагодны шум і гам. Самі таго не заўважыўшы, мы трапілі ў атачэнне літоўскіх крышнаітаў, што сустракалі свята з заўсёднымі бубнамі і мантрамі, пад якія літоўскія дзяўчаты і хлопцы неадкладна пачалі танчыць полечку.

Даеўшы мандарыны і дапіўшы шампанскае, мы адмовіліся ад паслугаў назольных таксістаў і, не дачакаўшыся ніякага начногаранспарту, вырушылі ў свой “рэспектабельны раён пехатою.

З Новым годам, Беларусь! І Харэ Крышна.