Вандроўкі з «Новым Часам»: касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Воўчыне
Запрашаем вас у чарговую вандроўку з «Новым Часам»! Гэтым разам Ян і Юлія зладзяць для вас віртуальную экскурсію па Воўчыну і касцёлу Найсвяцейшай Тройцы. А вы ведалі, што менавіта тут хрысцілі апошняга караля Рэчы Паспалітай?
Упершыню мястэчка згадваецца ў XVI стагоддзі пад уладай Солтанаў, што збудавалі тут царкву ў гонар Святога Мікалая.
Цягам двух стагоддзяў Воўчын змяніў шмат гаспадароў, апошнімі з якіх былі Чартарыйскія.
Яшчэ ў 1720 годзе Казімір Чартарыйскі выдаў замуж дачку-князёўну Канстанцыю за славутага дзеяча Станіслава Панятоўскага, бацьку апошняга караля Рэчы Паспалітай.
У 1733 годзе на сродкі падскарбія вялікага літоўскага быў узведзены касцёл, асвечаны ў 1738 годзе ў гонар Найсвяцейшай Тройцы.
Храм спраектаваны ў ватыканскай манеры славутым архітэктактарам Ёганам Зыгмундам Дэйблам, якому таксама належыць праект рэзідэнцыі Сапегаў у Ружанах.
Неўзабаве пасля заканчэння будаўніцтва святыні ў Станіслава Панятоўскага нарадзіўся сын Аўгуст, якога хрысцілі ў новым касцёле.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы спалучае стыль позняга барока з рысамі ракако і ўяўляе сабой цэнтрычны васьмігранны мураваны будынак, накрыты гранёным шатровым дахам. Завяршае яго бельведэр з гадзіннікам-курантамі.
Уваход выдзелены нізкім прытворам. Шырокія грані фасадаў крапаваныя падвойнымі пілястрамі, увенчанымі скульптурнымі выявамі евангелістаў.
Касцёл мае аконныя праёмы: высокія арачныя на шырокіх гранях, круглыя і авальныя люкарны ў верхнім ярусе. Ліштвы вокнаў насычаныя арнаментальнай лепкай і дэкарыраванымі ляпнымі гірляндамі.
У дэкоры інтэр’еру шырока выкарыстана стукавая лепка: гірлянды, букеты кветак, акант і гарэльефы.
У другой палове XIX стагоддзя расійскія улады гвалтоўна адабралі касцёл, часткова яго разбурылі, пераабсталявалі і пераасвяцілі ў царкву.
Таксама дзякуючы палітыцы акупацыйнага рэжыму палацава-паркавы комплекс Чартарыйскіх з тэатрам і аранжэрэяй быў назаўсёды страчаны для сучаснай беларускай спадчыны.
У 1921 годзе, пасля інтэрвенцыі Польшчы, храм быў вернуты каталікам.
У 1924 годзе з усходняга боку ад святыні для пражывання святара была збудавана плябанія ў неабарочным стылі. А ў 1938 годзе з Санкт-Пецярбурга была перавезена труна з рэшткамі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якога таемна перапахавалі ў Воўчынскім касцёле, пасля чаго толькі ў 1995 годзе будынак быў перададзены сабору Святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве.
Падчас Другой сусветнай вайны храм зноў перажыў частковае разбурэнне, і толькі ў 2009 годзе было распачата яго аднаўленне, дзякуючы чаму ў 2020 годзе біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка здзейсніў асвячэнне касцёла Найсвяцейшай Тройцы і адслужыў першую Святую Імшу ў ім.