"Вандроўкі з Новым Часам": Кабыльнік
Запрашаем у вандроўку ў вёску Нарач, альбо Кабыльнік. Вёска размешчана ў пяці кіламетрах на поўнач ад возера Нарач і з'яўляецца старажытным паселішчам, якое ўпершыню згадваецца ў 1453 годзе.
У 1964 годзе савецкія ўлады змянілі назву паселішча Кабыльнік на Нарач, вынікам чаго сталася блытаніца з аднайменным курортным мястэчкам або самім возерам Нарач. У наш час шматлікія местачкоўцы па-ранейшаму ўжываюць гістарычную назву Кабыльнік і змагаюцца за яе вяртанне ў якасці афіцыйнай.
Першы вядомы гісторыі касцёл у Кабыльніку быў у XV стагоддзі пабудаваны цалкам з дрэва на грошы князёў Свірскіх. Касцёл згарэў у 1896 годзе. На яго месцы быў збудаваны з чырвонай цэглы касцёл Святога Андрэя ў неагатычным стылі.
Галоўны фасад касцёла выкананы ў незвычайнай стылістыцы, яго самым заўважным элементам з'яўляюцца чатыры востраканцовыя вежы (аналагічных храмаў у Беларусі можна знайсці літаральна некалькі).
Побач з касцёлам размешчана драўляная званіца XVIII стагоддзя, якая захавалася яшчэ з часоў папярэдняга драўлянага храма. Гэтая званіца шмат разоў аднаўлялася і рэстаўравалася.
Падчас Першай сусветнай вайны, паводле ўспамінаў мясцовага жыхара, «адзін раз на тыдзень маліліся ў касцёле цывільныя, нашыя людзі, з 11 гадзін немцы каталіцкай, а пазней лютэранскай веры… 16 сакавіка 1916 года ля касцёла з боку могілак упалі дзве бомбы. Усё шкло ў касцёле выпала, параніла людзей».
Пасля храм працягваў функцыянаваць і ў міжваенныя часы, паколькі вёска тады ўваходзіла ў склад Польшчы. У 1943 годзе мясцовы ксёндз Паўловіч быў закатаваны савецкімі партызанамі за дапамогу Арміі Краёвай, таму на доўгі час храм застаўся без святара.
Былі таксама спробы яго цалкам закрыць. Аднак у будынку касцёла так і не атрымалася арганізаваць склад, калгас, Дом кіно ці нешта падобнае. Парафіяне змаглі адстаяць будынак, дзе доўгі час збіраліся на малітвы самастойна. Напрыканцы XX стагоддзя касцёл у вёсцы Нарач аднавіў сваё функцыянаванне.
Яшчэ адной важнай славутасцю вёскі Нарач з'яўляецца царква Святога Іллі.
Першая згадка пра праваслаўную царкву ў Кабыльніку адносіцца
да 1582 года. У 1866 годзе праз трухлявасць будынка царкву нават збіраліся
закрыць, але ў 1877 годзе пачалося будаўніцтва новага храма з цэглы.
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя кананічная чатырохчасткавая: прытвор-званіца, сталовая, малітоўная заля, паўкруглая апсіда пад канічным дахам. Шатровыя пакрыцці двух’яруснай званіцы і кубападобнага асноўнага аб’ёму завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі.
Галоўны ўваход аформлены масіўным аркавым парталам, бакавыя — аркавымі нішамі. Атынкаваныя фасады расчлянёныя адзінарнымі і здвоенымі аркавымі аконнымі праёмамі, што дэкараваныя ліштвамі.
Унутры памяшканні аб’яднаныя шырокімі прасветамі. Мастацка-дэкаратыўным акцэнтам інтэр'еру з’яўляецца драўляны двух’ярусны іканастас, дэкараваны накладной разьбой. Залатыя (царскія) вароты выкананы скразной расліннай разьбой з абразамі.
У 1962 годзе царква была закрыта і ператворана ў склад калгаса. Вярнулі будынак вернікам толькі ў траўні 1990 года.