Віртуальная выстава Гарэцкага
Віртуальная выстава «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» адкрылася на сайце бібліятэкі УА БДСГА. Выстава прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
Гарэцкі Максім Іванавіч (1893–1938) — класік беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай прозы, крытык, літаратуразнаўца, лексікограф, мастак арыгінальнага, самабытнага таленту, вядомы прадстаўнік беларускай думкі, грамадзкі дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння і наш зямляк.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета. Скончыў каморніцка-агранамічнае вучылішча ў Горы-Горках (1913 год). Працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі. Горкі займаюць асаблівае месца ў жыцці пісьменніка. 18 лютага 1993 года, падчас урачыстасцяў была адкрыта мемарыяльная дошка пісьменніку на корпусе №4 УА БДСГА, яго імя прысвоена раённай бібліятэцы Амаль год да паступлення ў вучылішча М.Гарэцкі жыў у Горках на вуліцы Зялёнай. З 1993 года гэта вуліца носіць імя Максіма Гарэцкага.
За гады вучобы (1909–1913 гг.) ён не толькі атрымлівае спецыяльнасць, але і далучаецца да літаратуры. У гэты перыяд пад кіраўніцтвам Гарэцкага было створана “невялікае таварыства аматараў беларускай літаратуры”. Выпісвалі “Нашу Ніву”, чыталі “Тараса на Парнасе”, вершы Я. Купалы і Я. Коласа. Члены гуртка не толькі чыталі “Нашу Ніву”, але пісалі туды невялікія допісы. Пісаў і Максім Гарэцкі. Так, у верасні 1912 года, пад псеўданімам “Беларус” ён надрукаваў у газеце “Наша Ніва” цікавы допіс аб вялікім конкурсе ў каморніцка-агранамічным вучылішчы. Вядома, што з гэтых невялікіх допісаў і пачаўся літаратурны шлях М. Гарэцкага. А ў 1913 годзе ў газеце “Наша Ніва” з’явілася яго першае апавяданне “У лазні”. У ліпені 1913 Максім Гарэцкі атрымлівае накіраванне ў Вільню.
У 1926 годзе ён зноў прыязджае ў Горкі. Ў гэты перыяд пры акадэміі актыўна дзейнічае літаратурны гурток – Горацкая філія “Аршанскага маладняка”. М. Гарэцкі дзейна дапамагаў літаратурнай моладзі, асабліва ў выдавецтве зборнікаў “Аршанскага маладняка”, якія друкаваліся ў акадэмічнай друкарні. Працуючы ў Горках, Максім Іванавіч падтрымліваў сяброўскія адносіны з дырэктарам бібліятэкі сельскагаспадарчай адэміі Д.Р. Новікавым.
Сёння спадчына пісьменніка трывала займае пачэснае месца ў залатым фондзе беларускай класічнай літаратуры. І не толькі як дасканалы ўзор прыгожага пісьменства, скарб філасофскай думкі, што існуе па-за прасторай і часам. Напісаныя амаль стагоддзе таму кнігі Максіма Гарэцкага актуальныя дасёння. Уся яго творчасць прасякнута пачуццём любові да Радзімы, яе гісторыі, традыцый, нацыянальнай культуры. Нацыянальная ідэя натхняла пісьменніка, абуджала яго думку і пачуццё, вызначала змест творчасці. Максім Гарэцкі ўнёс каштоўны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры беларускага народа.