771-шы дзень вайны: Харкаў пад абстрэламі, ЗАЭС зноў на мяжы блэкаўта

Удзень 4 красавіка  — у 12.42 па ўкраінскім часе — была абвешчана паветраная трывога ў Харкаве і вобласці. 

Наступствы начной атакі беспілотнікаў у Харкаве

Наступствы начной атакі беспілотнікаў у Харкаве

Харкаў зноў пад абстрэламі

Выбухі прагрымелі і ўдзень пасля абвяшчэння паветранай трывогі. Трывогу абвясцілі і ў некаторых іншых рэгіёнах Украіны — Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чаркаскай і Кіраваградскай абласцях.

Як адзначыў мэр Харкава Ігар Церахаў, удзень прагучалі два выбухі: «Толькі што пад Харкавам адбыліся два магутныя выбухі. На дадзены момант работы па аднаўленні жылых дамоў, якія пацярпелі ад начных выбухаў, практычна спыненыя», — сказаў ён.

Нагадаем, як пісаў НЧ, уначы 4 красавіка расейскія  войскі з беспілотнікаў «Шахед» атакавалі Харкаў. Некалькі БПЛА пашкодзілі прыватныя і жылыя дамы. Падчас другой атакі загінулі трое ратавальнікаў, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў папярэдняга нападу. На дадзены момант вядома аб 12 параненых і 4 забітых у выніку расійскай атакі на Харкаў.

  • Усяго было зафіксавана 20 пускаў «шахедаў». СПА збіла 11 з іх. 
Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

З-за абстрэлаў з боку РФ на Запарожскай АЭС адключаная знешняя паветраная лінія

З-за расійскіх абстрэлаў адбылося адключэнне вонкавай паветранай лініі ПЛ-330кВ «Запарожская ЦЭЦ — Ферасплаўная». Праз яе часова акупаваная ЗАЭС атрымлівала электраэнергію ад украінскай энергасістэмы для ўласных патрэб. Цяпер з-за абстрэлаў ЗАЭС засталася працаваць на адной ЛЭП.

Нагадаем, Запарожская АЭС — найбуйнейшая АЭС у Еўропе — была захопленая расійскімі салдатамі на пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Інтэрвенты размясцілі баявую тэхніку на тэрыторыі ЗАЭС. За ўвесь перыяд акупацыі станцыю некалькі разоў адключалі ад энергасістэм Украіны.

Глядзіце таксама

У Харкаве з-за абстрэлу з боку РФ абясточылі ядзерную ўстаноўку «Крыніца нейтронаў»


4 красавіка ў Харкаве абясточылі ядзерную ўстаноўку «Крыніца нейтронаў» (Фота: energoatom com ua)

4 красавіка ў Харкаве абясточылі ядзерную ўстаноўку «Крыніца нейтронаў» (Фота: energoatom com ua)

Ядзерная ўстаноўка «Крыніца нейтронаў» у Харкаве была абясточаная ў чацвер, 4 красавіка. Прычына таму – расійскія абстрэлы.

Нацыянальны навуковы цэнтр «Харкаўскі фізіка-тэхнічны інстытут» паведаміў, што ядзерная падкрытычная ўстаноўка «Крыніцы нейтронаў» страціла вонкавае электразабеспячэнне сёння ў 08:30. Гэтаму папярэднічала варожая атака. Пакуль пагрозы навакольнаму асяроддзю і людзям няма. Сістэма аварыйнага электразабеспячэння працавала ў штатным рэжыме, у работу былі ўключаны аварыйныя дызель-генератары.

Радыяцыйная абстаноўка на пляцоўцы атамнай устаноўкі знаходзіцца ў межах нормы.

Што вядома аб «Крыніцы нейтронаў»

У Харкаве на тэрыторыі Нацыянальнага навуковага цэнтра «Харкаўскі фізіка-тэхнічны інстытут» знаходзіцца адзіная ў свеце навуковая ядзерная падкрытычная ўстаноўка «Крыніца нейтронаў» і сховішча ядзерных матэрыялаў. Гэта субкрытычны рэактар з паскаральнікам, прызначаны для працы ў якасці крыніцы для генерацыі нейтронаў.

Ядзерная ўстаноўка «Крыніца нейтронаў» прызначаная для правядзення навуковых і прыкладных даследаванняў у галіне ядзернай фізікі, радыяцыйнага матэрыялазнаўства, біялогіі, хіміі, а таксама для вытворчасці медыцынскіх радыеізатопаў.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання расіяне неаднаразова абстрэльвалі тэрыторыю «Крыніц нейтронаў».

Глядзіце таксама

Брытанская выведка: Узмацненне абстрэлаў не спрыяе прасоўванню РФ на Новапаўлаўскім кірунку

Брытанская выведка заявіла, што Расея павялічыла колькасць удараў на Новапаўлаўскім кірунку, дзе не прынесла поспеху, але ў цэлым у сакавіку колькасць штурмаў на лініі фронту знізілася, піша »Еўрапейская праўда» са спасылкай на новы агляд разведкі Мінабароны Вялікабрытаніі

Так, колькасць расійскіх абстрэлаў на паўднёвым захадзе Данецка (Новапаўлаўскі кірунак) вырасла з 721 у лютым да 806 у сакавіку, што складае 38% усіх абстрэлаў па ўсёй лініі фронту.

«Нягледзячы на гэтыя намаганні, Расія не дасягнула істотнага прагрэсу ў гэтай сферы і працягвае змагацца за невялікія населеныя пункты, у тым ліку Новаміхайлаўку, Георгіеўку і Уражайнага», — гаворыцца ў аглядзе.

Пры гэтым, адзначаюць брытанскія аналітыкі, справаздачы сведчаць аб тым, што ў сакавіку 2024 года колькасць расійскіх атак праз лінію фронту знізілася на 9% у параўнанні з лютым 2024 года — прыкладна з 2340 да 2120.

Паводле звестак выведкі, у лютым, калі горад перайшоў пад кантроль акупацыйных войскаў, колькасць удараў з боку РФ на Аўдзееўскім накірунку склала траціну ўсіх удараў, але ў сакавіку знізілася да чвэрці.

Навіны вайны

  • Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) канстатуе, што расійскія войскі павялічваюць агульны тэмп сваіх наступальных аперацый ва Украіне. У прыватнасці, яны павялічылі колькасць і маштабы механізаваных наземных штурмаў на асобных участках фронту за апошнія два тыдні. Тым часам украінскія крыніцы працягваюць падкрэсліваць, што фрагментарнае і запозненае прыбыццё новых заходніх сістэм дазволіць расійскім войскам адаптавацца і нівеліраваць верагодныя аператыўныя перавагі ад іх, адзначаюць эксперты.
  • Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ па стане на раніцу 4 красавіка: асабовага складу — каля 445 040 (+670 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 7018 (+9), баявых браніраваных машын — 13 386 (+18), артылерыйскіх сістэм  — 11 171 (+29), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню  — 8817 (+21), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў  — 14 861 (+48).

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося 65 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, войска РФ 22 разы спрабавала прарваць абарону ўкраінскіх войскаў на Новапаўлаўскім кірунку — у раёнах Новаміхайлаўкі, Ураджайнага, на паўднёвы ўсход ад Вадзянога Данецкай вобласці. Яшчэ 15 атак адбіта на Аўдзееўскім кірунку (у раёнах Бердычаў, Уманскага, Яснабрадоўкі, Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці) і 14 атак — на Бахмуцкім (у раёнах Белагораўкі Луганскай вобласці, а таксама Спорнага, Андрэеўкі, на паўднёвы ўсход ад Кляшчэеўкі Данецкай вобласці.

На Купянскім кірунку сілы абароны  Украіны адбілі адну атаку РФ у раёне Андрэеўкі Луганскай вобласці; на Ліманскім — пяць атак у раёне Цернаў Данецкай вобласці; на Херсонскім — сем так на левабярэжжы Дняпра. На Арэхаўскім кірунку на працягу мінулых сутак вораг наступальных дзеянняў не вёў.